Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Папская акадэмія шукае этычныя адказы для неанаталогіі

У Ватыкане 19 мая 2026 года пройдзе міжнародны вэбінар Папскай акадэміі жыцця, прысвечаны навуковым, грамадскім і глыбокім этычным праблемам выжывальнасці неданошаных дзяцей на мяжы жыцця.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Сучасны прагрэс у медыцыне пашырае межы магчымага, але адначасова ставіць перад грамадствам і Касцёлам прынцыпова новыя маральныя выклікі. Супастаўленне тэхналагічных дасягненняў з каштоўнасцю чалавечага жыцця стане галоўным вектарам дыскусіі на форуме.

Эксперты разгледзяць эвалюцыю інтэнсіўнай тэрапіі нованароджаных і тое, як стан здароўя ў перынатальны перыяд уплывае на ўсё далейшае жыццё чалавека.

Асаблівая ўвага будзе нададзена вострым клініка-этычным канфліктам, з якімі сутыкаюцца акушэры і неанатолагі пры аказанні актыўнай дапамогі на самой мяжы жыццяздольнасці плода і дзіцяці. Асобнай тэмай абмеркавання стануць будучыя выклікі фета-неанатальнай медыцыны, у прыватнасці, выкарыстанне інавацыйных тэхналогій штучнай маткі "biobag".

Падчас другой часткі эксперты засяродзяцца на сацыяльна-эканамічных аспектах праблемы. Яны прааналізуюць, як розныя мадэлі аховы здароўя – ад дзяржаўных сістэм у Еўропе да прыватных у Амерыцы і рэсурсаў краін з нізкім даходам – уплываюць на шанцы дзяцей.

Падчас вэбінару будуць прадстаўлены глабальныя ініцыятывы Сусветнай арганізацыі аховы здароўя па змяншэнні дыспрапорцый у неанатальных выніках, а таксама закрануты пытанні этыкі і справядлівасці ў доступе да крытычна важнай медыцынскай дапамогі.
 

19 мая 2026, 09:07