Пошук

Кардынал Віктар Мануэль Фернандэс Кардынал Віктар Мануэль Фернандэс 

Святы Пасад заклікае Брацтва святога Пія X не пасвячаць біскупаў

Дыкастэрыя веравучэння папярэдзіла Брацтва святога Пія X, што пасвячэнне біскупаў без згоды Папы стане актам расколу і прывядзе да аўтаматычнай экскамунікі ўдзельнікаў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Афіцыйная заява прэфекта Дыкастэрыі веравучэння, кардынала Віктара Мануэля Фернандэса, падкрэслівае нязменнасць пазіцыі Апостальскай Сталіцы адносна дысцыплінарных крокаў у дачыненні да Брацтва святога Пія X.

Анансаваныя супольнасцю біскупскія пасвячэнні не маюць адпаведнага папскага мандата, што ставіць іх арганізатараў і ўдзельнікаў па-за межы кананічнай еднасці з Каталіцкім Касцёлам.


Спасылаючыся на дакумент "Ecclesia Dei" святога Яна Паўла II, кардынал Фернандэс нагадвае, што такі жэст з'яўляецца "актам расколу". У кантэксце касцельнага права фармальнае далучэнне да схізмы цягне за сабой сур'ёзныя наступствы, уключаючы экскамуніку, прадугледжаную нормамі Касцёла. Гэтая пазіцыя была пацверджана таксама ў тлумачальнай нататцы Папскай рады па інтэрпрэтацыі заканадаўчых тэкстаў.

Леў XIV не губляе надзеі на мірнае вырашэнне канфлікту. Як адзначаецца ў паведамленні Дыкастэрыі, Папа няспынна моліцца да Духа Святога, просячы аб прасвятленні для кіраўніцтва Брацтва святога Пія X.


Апостальская Сталіца заклікае адказных асоб Супольнасці перагледзець сваё рашэнне і адмовіцца ад кроку, які можа канчаткова замацаваць разрыў. Малітва Святога Айца скіравана на тое, каб адказныя за прыняцце гэтага лёсавызначальнага і вельмі небяспечнага рашэння змаглі зрабіць крок назад у імя захавання касцельнай еднасці.
 

13 мая 2026, 12:50