Святы Пасад віншуе будыстаў і прапануе сумесны шлях супакою
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Традыцыйнае прывітанне з нагоды свята Весак у 2026 годзе стала для Дыкастэрыі па міжрэлігійным дыялогу нагодай для глыбокага аналізу глабальнай напружанасці.
Прэфект установы, кардынал Джордж Джэйкаб Коавакад, адзначыў, што мір не з’яўляецца простай адсутнасцю вайны. Гэта дар, які патрабуе абароны, асабліва калі ён выглядае крохкім, як полымя сярод шторму нянавісці.
Кардынал Коавакад заўважае, што ў часы росту этнарэлігійнага нацыяналізму і маніпулявання верай, менавіта "бяззбройная" дабрыня здольная разарваць заганнае кола падазронасці. Духоўныя традыцыі закліканы ачышчаць чалавека ад варожасці, дапамагаючы бачыць ва ўсіх частку адзінай чалавечай сям’і.
Аўтар звароту звяртае ўвагу на дзіўнае сугучча паміж старажытнымі тэкстамі: будысцкай мудрасцю аб тым, што нянавісць суцішаецца толькі любоўю, і евангельскім заклікам Езуса любіць ворагаў. Гэта агульная глеба дазваляе вернікам быць не пасіўнымі назіральнікамі, а "майстрамі міру", здольнымі абяззброіць сэрцы раней, чым будуць абяззброены рукі.
Шлях да такога супакою патрабуе канкрэтных дзеянняў і адмовы ад маўклівага саўдзелу ў несправядлівасці. Кардынал Коавакад заклікае кожную супольнасць стаць месцам, дзе прабачэнне цэніцца вышэй за помсту.
Прэфект падсумоўвае, што мір – гэта не ілюзія, а штодзённая магчымасць, якая нараджаецца з малітвы, цярплівасці і адвагі мець надзею насуперак усяму.