Дыялог аб супрацоўніцтве: прэм’ер Ірландыі ў Ватыкане
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
22 мая 2026 года ў Ватыкане адбыўся афіцыйны візіт кіраўніка ірландскага ўрада Міхола Марціна. Пасля аўдыенцыі ў Святога Айца прэм’ер сустрэўся з Дзяржаўным сакратаром кардыналам П’етра Паралінам. У размове таксама ўзяў удзел арцыбіскуп Пол Рычард Галахер, сакратар па адносінах з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі.
Падчас размоў у Дзяржаўным сакратарыяце, якія прайшлі ў атмасферы шчырай зычлівасці, бакі адзначылі высокі ўзровень двухбаковых сувязей паміж Святым Пасадам і Ірландыяй. Удзельнікі дыялогу спыніліся на актуальным сацыяльна-эканамічным становішчы краіны.
Асобная ўвага была ўдзелена ўзаемадзеянню мясцовага Касцёла і дзяржавы. У гэтым кантэксце прадстаўнікі Святога Пасада і ірландскага ўрада абмеркавалі пытанні адукацыйнай сферы, якая застаецца важным полем для супрацоўніцтва на карысць грамадства.
Далейшая частка сустрэчы была прысвечана міжнароднай і рэгіянальнай палітыцы. Бакі абмяняліся думкамі наконт актуальнай сітуацыі ў Еўропе і на Блізкім Усходзе, спыніўшыся на пошуку шляхоў да стабільнасці.
На заканчэнне перамоў была падкрэслена важнасць прынцыпу шматбаковасці і падтрымкі перспектыў міру ва ўсім свеце. Сустрэча пацвердзіла сугучнасць поглядаў на неабходнасць канструктыўнага дыялогу ў вырашэнні глабальных выклікаў сучаснасці.