Пошук

Кніжны салон ў Турыне Кніжны салон ў Турыне  (ANSA)

Ватыканскае выдавецтва на кніжным кірмашы ў Турыне: асноўныя імпрэзы

З нагоды сваёй сотай гадавіны ватыканскае выдавецтва LEV арганізуе на Міжнароднай кніжнай выставе ў Турыне чатыры сустрэчы з вядомымі прадстаўнікамі Касцёла і дзеячамі культуры. Яны абмяркуюць ключавыя выклікі сучаснасці — ад братэрства і духоўнасці да ролі веры і культуры ў эпоху штучнага інтэлекту.

Марыя Валодзіна - Vatican News

У першым дыялогу, які адбудзецца 14 мая 2026 года, возьмуць удзел арцыбіскуп Алжыра кардынал Жан-Поль Веско і мастацтвазнаўца Тамаза Мантанары. Яны паразмаўляюць на тэму “Братэрства – справа мужных людзей”. Натхненнем для дыскусіі паслужыць новая кніга кардынала Веско “Мужнасць братэрства”. Удзельнікі абмяркуюць пытанне аб тым, як вярнуць у грамадскі дыялог хрысціянскае і асветніцкае разуменне братэрства. Мадэратарам сустрэчы выступіць галоўны рэдактар ватыканскіх СМІ Андрэа Тарніелі.

15 мая у рамках другой сустрэчы прэфект Дыкастэрыі па культуры і адукацыі кардынал Жазэ Таленціна дэ Мендонса правядзе дыялог з псіхааналітыкам Віторыа Лінджардзі на тэму “Ці ўратуе свет здзіўленне?”. Размова будзе прысвечана кнізе “Узрошчваць унутраннае жыццё” (“Coltivare la vita interiore”) кардынала Таленціна дэ Мендонса і праблеме пошуку з дапамогай веры і культуры новай прасторы для чалавека ў эпоху штучнага інтэлекту. Мадэратарам сустрэчы стане журналістка Джулія Галеоці.

У суботу, 16 мая, генеральны прыёр Ордэна святога Аўгустына айцец Джозэф Фарэл і журналістка Аналіза Куцакрэа прадставяць кнігу Льва XIV "Вольныя праз ласку”, у якую ўвайшлі раннія тэксты, гаміліі і выступленні будучага Пантыфіка ў часы яго служэння прыёрам аўгустынцаў. Сустрэчу правядзе прэфект Дыкастэрыі па камунікацыі Паола Руфіні.

Апошні дыялог пройдзе 18 мая і будзе прысвечаны 30-й гадавіне пакутніцкай смерці алжырскіх манахаў з Тыбірына. Журналіст і пісьменнік Франсуа Вейн, які асабіста ведаў алжырскіх мучанікаў, разам з арцыбіскупам Эрыё Кастэлучы абмяркуюць іх спадчыну на сустрэчы “Манахі Тыбірына: “Раззброі мяне, раззброі нас!”. Мадэратарам выступіць журналіст Франчэска Антаніёлі.

Акрамя таго, з 11 па 23 мая ў базіліцы Маці Божай Нястомнай Дапамогі пройдзе выстава “Двойчы пакліканыя. Алжырскія мучанікі”, прысвечаная хрысціянскім мучанікам, забітым у Алжыры ў 1994-1996 гадах. 14 мая у рамках выставы пра алжырскіх мучанікаў як сведкаў братэрства распавядзе кардынал Жан-Поль Веско.

12 мая 2026, 12:26