Пошук

Ватыканскія жандары Ватыканскія жандары 

Прадстаўнікі Ватыкана на мытным форуме ў Рыме

Генеральны сакратар Губернатарату Дзяржавы Ватыкан узяў удзел у форуме Агенцтва мытні і манаполій, прысвечаным рэформам і будучыні міжнароднага гандлю ў Еўропе.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

21 мая 2026 года ў Рыме завяршылася трэцяя сесія форуму, арганізаванага Агенцтвам мытні і манаполій (Agenzia delle Dogane e dei Monopoli), які стаў аўтарытэтнай пляцоўкай для абмеркавання шляхоў развіцця еўрапейскай мытнай сістэмы і будучыні міжнароднага гандлю.

Ад імя Губернатарату Дзяржавы Ватыкан у сустрэчы прыняў удзел Генеральны сакратар Джузэпэ Пулізі-Алібрандзі. Прысутнасць ватыканскай дэлегацыі падкрэсліла важнасць дыялогу паміж дзяржаўнымі і міжнароднымі структурамі ў пытаннях бяспекі і эфектыўнага кіравання гандлёвымі патокамі.

Як паведамляецца на сайце Губернатарату, увага на форуме акцэнтавалася на неабходнасці стварэння інавацыйнага ўпраўлення. Мытныя органы павінны аператыўна рэагаваць на складанасці глабальнага рынку, застаючыся пры гэтым эфектыўнымі і сучаснымі. У цэнтры дыскусій апынуліся пытанні рэформы мытні, развіцця электроннага гандлю і выканання міжнародных нормаў.

Удзельнікі асабліва вылучылі стратэгічную ролю будучага праекта "EU Customs Data Hub" – цэнтралізаванага вузла звестак, які павінен глыбока трансфармаваць працу мытных службаў праз аналіз глабальных гандлёвых патокаў і ўзаемадзеянне розных сістэм.

Асаблівую ўвагу спецыялісты надалі ўкараненню штучнага інтэлекту ў працэсы лічбавізацыі і аптымізацыю аперацый. Гэта мае вялікае стратэгічнае значэнне, бо сучасныя тэхналогіі становяцца неад’емным інструментам для забеспячэння высокіх стандартаў бяспекі і кантролю, а таксама спрыяюць не толькі тэхнічнаму ўдасканаленню, але і стварэнню адзінай мытнай мадэлі, што адпавядае патрэбам міжнароднай супольнасці.
 

26 мая 2026, 11:15