Пошук

Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер і прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер і прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа 

Арцыбіскуп Галахер: папская дыпламатыя служыць евангелізацыі

Дыпламатыя Святога Пасада неаддзельная ад евангелізацыйнай місіі Касцёла і служэння міру ў свеце, нагадаў арцыбіскуп Пол Рычард Галахер падчас канферэнцыі ў Каўнасе, прысвечанай 100-годдзю касцельнай правінцыі Літвы.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Арцыбіскуп Галахер нагадаў, што вялікі ўклад у кананічнае заснаванне касцельнай правінцыі Літвы зрабіў благаслаўлёны арцыбіскуп Юргіс Матулайціс, які змог пераадолець глыбокі інстытуцыйны крызіс, спалучаючы інтэнсіўную дыпламатычную і духоўную працу.

“У перыяд моцнай геапалітычнай напружанасці і вострых канфліктаў з суседнімі краінамі арцыбіскуп Матулайціс разбурыў бар’еры, якія здаваліся непераадольнымі, аднавіўшы адносіны з Апостальскай Сталіцай і, як Добры Пастыр, скіраваўшы Касцёл у Літве да новага перыяду плённай кананічнай аўтаноміі”, - сказаў ён.

“Гэта выключная евангельская і дыпламатычная дзейнасць дазволіла Касцёлу ў Літве абнавіцца, а Евангеллю распаўсюджвацца новым і эфектыўным чынам. Блаславёны Матулайціс спалучаў у сабе любоў да Бога, любоў да мясцовага Касцёла і любоў да сваёй краіны. Усё гэта, як ён сам сведчыў, знаходзіла свой корань і крыніцу сілы выключна ў Езусе Хрысце і ў адзінстве з Папам”, - дадаў іерарх.

Арцыбіскуп Галахер падкрэсліў, што менавіта прыклад благаслаўлёнага Юргіса Матулайціса “паказвае нам, як святло і соль Евангелля надаюць дыпламатычным дзеянням эфектыўнасць, якой ім інакш не хапала б”. “У гэтым выпадку, як і ў многіх іншых у гісторыі Касцёла, можна казаць пра “дыпламатыю святых”, - адзначыў папскі пасланнік.

“Сувязь паміж дыпламатыяй і святасцю можа быць не відавочнай на першы погляд, але яна існуе і яна глыбокая. Гэтая сувязь нібы чырвоная нітка, тонкая, але непарыўная, злучае тое, што я назваў бы “высокай дыпламатыяй”, з місіяй вялікіх пастыраў, якія сфармавалі гісторыю Касцёла, нават на гэтых балтыйскіх землях”, - сказаў ён, згадваючы пра прыклад іншага благаслаўлёнага – арцыбіскупа Эдуарда Профітліха, Апостальскага адміністратара Эстоніі і мучаніка за веру.

“Місія гэтых гераічных пастыраў паказвае нам, што дыпламатыя, як яе разумее Касцёл, і евангелізацыя, хоць і дзейнічаюць у розных сферах, маюць агульны корань: служэнне праўдзе. Касцёл абвяшчае праўду, якая ўцелавілася ў Езусе Хрысце, і абвяшчэнне гэтага, з любові да Бога і чалавецтва, не павінна баяцца ніякіх формаў прыгнёту, бо змагаецца з усімі імі. У гэтым сэнсе папская дыпламатыя павінна адрознівацца ад іншых формаў дыпламатыі, бо яна чэрпае з Евангелля і натхняецца ім, і таму працуе для чалавецтва з сілай, якая паходзіць звыш”, - дадаў арцыбіскуп Галахер.

Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер і прэм'ер-міністр Літвы Інга Ругінене
Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер і прэм'ер-міністр Літвы Інга Ругінене

Ватыканскі іерарх падкрэсліў, што мэтай стварэння касцельнай правінцыі Літвы было збаўленне душ і таму супадае з евангелізацыйнай місіяй, якую Езус Хрыстус даручыў Касцёлу. Такім чынам, дзейнасць папскай дыпламатыі рыхтуе глебу для евангелізацыі. “Напрыклад, там, дзе ёсць канфлікты і войны, якія не дазваляюць спакойна ажыццяўляць евангелізацыйную дзейнасць – абвяшчэнне Божага слова і свабоду веравызнання, дыпламатыя якраз імкнецца знайсці рашэнні праз дыялог і пасрэдніцтва, каб забяспечыць свабоднае распаўсюджванне гэтага паслання”, - сказаў арцыбіскуп Галахер, нагадаўшы, што таксама і апостал Павел – сапраўдны прыклад евангелізатара – імкнуўся будаваць масты паміж рознымі культура для больш плённага абвяшчэння Евангелля.

Папскі пасланнік таксама заўважыў, што спрыянне міру, якім займаецца дыпламатыя Святога Пасада, непарыўна звязана з евангелізацыяй, бо Евангелле вучыць чалавека пераадольваць уласны эгаізм, гвалтоўнасць і “ваеннае мысленне”, і адкрыцца на сваю сапраўдную годнасць асобы, створанай на вобраз Божы. Калі чалавек вяртаецца да гэтай годнасці ў Хрысце, ён пачынае імкнуцца да прымірэння, дыялогу і агульнага дабра, а не да супрацьстаяння, - заўважыў іерарх, падкрэсліўшы, што без Божай ласкі і без Хрыста чалавек сам па сабе не можа цалкам выйсці з кола нянавісці і канфліктаў. Таму евангелізацыя, якая вядзе чалавека да Хрыста, адначасова вядзе яго і да сапраўднага міру – унутранага і знешняга.

Арцыбіскуп Галахер з Міністрам замежных спраў Літвы Кястуцісам Будрысам
Арцыбіскуп Галахер з Міністрам замежных спраў Літвы Кястуцісам Будрысам


 

27 чэрвеня 2026, 15:00