Пошук

Удзельнікі кансісторыя ў Ватыкане Удзельнікі кансісторыя ў Ватыкане  (@Vatican Media)

Кардыналы: Касцёл павінен стаць сведкам міру і адзінства

Кардыналы, якія прымаюць удзел у надзвычайным кансісторыі ў Ватыкане, разважалі над пятым раздзелам энцыклікі Льва XIV “Magnifica humanitas”, прысвечаным тэме “Культура ўлады і цывілізацыя любові”.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Пасяджэнне, якое прайшло ў другой палове дня 26 чэрвеня 2026 года ў ватыканскай Зале Паўла VI, распачалося малітвай за ахвяр землятрусу ў Венесуэле. Затым іерархі выслухалі даклад кардынала Віктара Мануэля Фернандэса і правялі працу ў групах, пасля чаго падзяліліся вынікамі сваіх дыскусій у рамках пленарнай сесіі, на якой прысутнічаў Папа.

Кардыналы адзначалі, што сучасны свет усё больш прызвычайваецца да вайны, гвалту і падзелу паміж людзьмі. Яны падкрэслілі, што Касцёл павінен паказваць іншы шлях – шлях міру, любові, прабачэння, справядлівасці, прымірэння і павагі да кожнага чалавека. Для гэтага неабходна, каб самі хрысціяне былі адзінымі і давалі пераканаўчае сведчанне сваёй верай і жыццём.

Удзельнікі кансісторыя гаварылі пра важнасць дыялогу з прадстаўнікамі іншых рэлігій, асабліва ісламу, супрацоўніцтва з міжнароднымі арганізацыямі, ролю сям’і і выхавання. Гаворка ішла пра пакліканне кожнага ўзяць на сябе адказнасць за будаванне міру ў эпоху, калі глабалізацыя абыякавасці робіць людзей неадчувальнымі да цярпення іншых.

На кансісторыі падкрэслівалася, што першасным пакліканнем Касцёла з’яўляецца абвяшчэнне Евангелля і сведчанне пра Божую прысутнасць у свеце, асабліва там, дзе людзі перажываюць войны і канфлікты. У гэтым кантэксце звярталася ўвага на дзейнасць Касцёла на Блізкім Усходзе і ва Украіне, а таксама на працу ватыканскай дыпламатыі.

Кардыналы шматразова выказвалі думку, што варта адмовіцца ад логікі “справядлівай вайны” і замест гэтага гаварыць пра права на суразмерную абарону. Іерархі падзякавалі Льву XIV за энцыкліку “Magnifica humanitas” і запэўнілі яго ў падтрымцы заклікаў да міру і асуджэння вайны.
 

 

27 чэрвеня 2026, 08:51