Святы Пасад на Дзень мора пра чалавечае аблічча акіяна
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
У тэксце, падпісаным кардыналам Майклам Чэрны, увага звяртаецца на цяжкае становішча работнікаў марской сферы. Прэфект Дыкастэрыі падкрэслівае, што за глабальным гандлем стаяць незлічоныя чалавечыя лёсы. Сучасныя крызісы, такія як сітуацыя ў Армузскім праліве і ўзброеныя канфлікты, пакідаюць маракоў у замкнёнасці і страху за жыццё. Акрамя небяспекі, яны часта пакутуюць ад недахопу ежы, глыбокай адзіноты і эмацыянальнага выгарання.
Іерарх спасалыецца на першую энцыкліку Льва XIV "Magnifica humanitas". Святы Айцец папярэджвае ў ёй, што тэхналагічныя і эканамічныя сістэмы ніколі не павінны ператвараць асобу ў "даныя, вінцік у машыне або тавар". Карабель не можа стаць месцам маўклівай ізаляцыі ці сучасным Вавілонам, дзе людзі застаюцца нябачнымі адзін для аднаго, піша кардынал Чэрны.
Акіяны з’яўляюцца часткай Божага тварэння, даручанага адказнасці чалавека, але сёння яны моцна пакутуюць ад забруджвання. Сапраўдны прагрэс не можа вымярацца выключна прыбыткам, таму клопат пра навакольнае асяроддзе неаддзельны ад суперажывання асобе.
Перад тварам выпрабаванняў Касцёл нагадвае пра евангельскі вобраз Хрыста, які падчас буры суцешыў спалоханых вучняў. Тады Езус прамовіў да іх: "Чаму вы баіцеся?". Сёння Збаўца працягвае суправаджаць кожнага, хто працуе сярод небяспечных вод і перажывае разлуку з сям’ёй.
Касцёл праяўляе сваю блізкасць праз душпастырства і служэнне партовых капліц у межах Апостальства мора, вядомага як "Stella Maris". Ва ўсім свеце працуюць каталіцкія партовыя капеланы.
Кардынал Чэрны выказаў глыбокую ўдзячнасць маракам за іх ахвярнасць, якая гарантуе дабрабыт грамадства. Ён таксама падзякаваў валанцёрам і душпастырам, якія нясуць духоўную падтрымку на караблях. Іерарх даручыў усіх работнікаў мора матчынай апецы Марыі, "Зоркі мора", молячыся аб бяспецы і надзеі для іх.