Андрэа Тарніелі: словы Папы – заўсёды словы пастыра
Андрэа Тарніелі / Пераклад і адаптацыя: Аляксандр Панчанка
Нават калі Наступнік Пятра гаворыць пра мір і вайну, пра прыём мігрантаў ці пра тое, як заставацца чалавекам у эпоху штучнага інтэлекту, ён застаецца і заўсёды будзе духоўным пастырам. Той факт, што Біскуп Рыма ў сілу Латэранскіх пагадненняў 1929 года, якія вырашылі “Рымскае пытанне”, з’яўляецца таксама суверэнам самай малой дзяржавы ў свеце – тэрыторыі плошчай менш за палову квадратнага кіламетра ў самым сэрцы італьянскай сталіцы, – зусім не азначае, што ён дзейнічае ці выказваецца як палітык, калі закранае тэмы, звязаныя з падзеямі ў жыцці чалавецтва.
Гэта добра тлумачыў Павел VI, выступаючы 4 кастрычніка 1965 года на Генеральнай Асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый: “Вы ўсе разумееце, што гэта сустрэча, - казаў Папа Манціні, - мае звычайнае і адначасова вялікае значэнне. Звычайнае, таму што перад вамі чалавек, такі ж як і вы; ён ваш брат, і сярод вас, прадстаўнікоў суверэнных дзяржаў, ён адзін з самых малых. Ён таксама надзелены, калі вам так заўгодна нас разглядаць, мікраскапічным, амаль сімвалічным зямным суверэнітэтам – роўна такім, якога дастаткова, каб заставацца свабодным у выкананні сваёй духоўнай місіі і каб запэўніць кожнага, хто мае з ім справу, што ён незалежны ад любога іншага суверэнітэту гэтага свету”.
Папа, які знаходзіўся з візітам у ЗША, адразу ж дадаў, гаворачы пра сябе: “Ён не мае ніякай зямной улады і ніякіх амбіцый канкураваць з вамі; і сапраўды, у нас няма ні просьбаў, ні пытанняў, якія мы хацелі б перад вамі падняць. А калі і ёсць жаданне – дык гэта папрасіць у вас дазволу служыць вам у тым, што нам дадзена рабіць, бескарысліва, пакорна і з любоўю”.
Гэта праўда: каб гарантаваць поўную свабоду Намесніка Хрыста, амаль сто гадоў таму было вырашана стварыць невялікую тэрыторыю, дзе Біскуп Рыма і Пастыр паўсюднага Касцёла таксама будзе суверэнам, а значыць, і кіраўніком дзяржавы. Але гэта была і застаецца дамоўленасць, пакліканая забяспечыць менавіта незалежнасць ад любой іншай дзяржавы, а не зацвердзіць падвойную місію.
Любое ўзвышэнне ці перабольшанне ролі Пантыфіка як кіраўніка дзяржавы, любое падкрэсліванне важнасці гэтага аспекту яго служэння з’яўляецца памылковым, бо яно ідзе на шкоду яго адзінай сапраўднай місіі – быць паўсюдным Пастырам. Пастырам, які звяртаецца да католікаў, хрысціян, вернікаў і ўсіх людзей добрай волі з адзіным намерам – абвяшчаць Евангелле, яго пасланне любові, братэрства і “бяззбройны і абяззбройваючы” мір.
Гэта выдатна падкрэсліў тагачасны кардынал Джавані Батыста Манціні, кардынал-арцыбіскуп Мілана, выступаючы на Капітоліі 10 кастрычніка 1962 года, напярэдадні адкрыцця Другога Ватыканскага Сабора. У той прамове будучы Папа, гаворачы пра канец свецкай улады Касцёла пасля падзення Папскай вобласці ў 1870 годзе, сказаў: “Менавіта тады папства з небывалай сілай аднавіла свае функцыі настаўніка жыцця і сведкі Евангелля, дасягнуўшы такой вышыні ў духоўным кіраўніцтве Касцёлам і ў маральным уплыве на свет, якой ніколі раней не было”.
Калі ён просіць, каб чалавечае жыццё заўсёды паважалася і абаранялася на кожным этапе яго існавання; калі ён гаворыць пра мір, думаючы пра дабро народаў, і заклікае пакласці канец вар’яцкай гонцы ўзбраенняў, у тым ліку пераадолець канцэпцыю “справядлівай вайны”; калі ён запрашае да дыялогу і перамоў, абапіраючыся на сацыяльнае вучэнне Касцёла; калі ён просіць бачыць у мігрантах людзей, якіх трэба прыняць, ніколі не забываючы пра іх чалавечую годнасць; калі ён нагадвае нам, што бедныя знаходзяцца ў цэнтры Евангелля і што мы павінны будаваць больш справядлівыя і раўнапраўныя грамадствы; калі ён абараняе права на рэлігійную свабоду; калі ён падкрэслівае важнасць захавання стварэння, каб перадаць яго нашым дзецям і ўнукам – Наступнік Пятра гаворыць не як кіраўнік дзяржавы. Ён проста абвяшчае Евангелле.