Арцыбіскуп Марын: у цэнтры пантыфікату Льва XIV – Хрыстус
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Прэфект Дыкастэрыі па міласэрным служэнні, як і Леў XIV, належыць да Ордэна аўгустынцаў. Ён ведае Святога Айца ўжо шмат гадоў і, абапіраючыся на гэты досвед, перакананы, што сэрцам цяперашняга пантыфікату з’яўляецца не пэўная праграма ці стратэгія, але сама асоба Хрыста.
“Жыць у Хрысце, прыпадабняцца да Хрыста і сведчыць пра Хрыста”, - так Апостальскі элемазінарый акрэсліў асноўны кірунак, які хоча ўказаць сваім служэннем Папа.
Паводле слоў іерарха, менавіта глыбокая сувязь з Хрыстом становіцца крыніцай сапраўднага абнаўлення Касцёла і вядзе да таго місійнага навяртання, пра якое неаднаразова казаў Святы Айцец.
“Калі мы жывём у Хрысце, то адчуваем настойлівую патрэбу паказваць Яго і несці Яго іншым. Кожны, хто жыве ў Хрысце, непазбежна адчувае місійны і евангелізацыйны імпульс, пакліканне быць сведкам збаўлення ў свеце”, — сказаў арцыбіскуп дэ Сан Марцін у інтэрв’ю інтэрнэт-парталу “Omnes”.
Паводле іерарха, місійны запал Папы Льва XIV асабліва выразна праявіўся падчас яго апошняга апостальскага падарожжа ў Іспанію, дзе, звяртаючыся да мясцовых католікаў, Пантыфік выразна нагадаў пра фундаментальныя асновы хрысціянскай веры.
“Ён нагадаў нам пра асновы нашай веры: Езуса Хрыста, Касцёл і Евангелле. Адначасова ён развеяў туманы песімізму, якія часам нас атачаюць, і ўдыхнуў у нас надзею”, - адзначыў арцыбіскуп, які сам паходзіць з Іспаніі і суправаджаў Святога Айца падчас гэтай паездкі.
Асаблівае ўражанне на іерарха зрабіла рэакцыя людзей, найперш моладзі. Паводле яго меркавання, гэта сведчыць пра тое, што ў сучасным грамадстве існуе глыбокая патрэба ў сустрэчы з Хрыстом і ў паслядоўным, грунтоўным пасланні, якое можа даць адказы на важныя пытанні і выклікі сённяшняга дня.
Арцыбіскуп дэ Сан Марцін падкрэсліў, што калі Касцёл сапраўды жыве Хрыстом, ён становіцца здольным несці надзею іншым і выконваць сваю місію – абвяшчаць Евангелле і сведчыць пра Божую любоў у свеце.