“AQVA”: Папа адкрые новую выставу ў Ватыканскай бібліятэцы
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Мастацкі праект прысвечаны стыхіі вады як “люстэрку страхаў і надзеі чалавецтва”. Выстава стане спробай асэнсаваць ваду як “разбуральную сілу і пагрозу для захавання гістарычнай спадчыны”, а таксама як жыццёва неабходны рэсурс.
Па словах арганізатараў, мэта праекту – “садзейнічаць дыялогу паміж сучасным мастацтвам і шматвекавой спадчынай Ватыканскай бібліятэкі”. “Папа неаднаразова заклікаў да вернасці мінуламу і будучыні. Сучаснасць, у тым ліку такая выстава, можа стаць домам, дзе мінулае і будучыня сустракаюцца як сябры”, - адзначыў Бібліятэкар і Архіварыус Святога Рымскага Касцёла арцыбіскуп Джавані Чэзарэ Пагацы.
Для рэалізацыі гэтага дыялогу да ўдзелу ў ініцыятыве былі запрошаны тры сучасныя творцы, якія працуюць у розных сферах: французскі мастак JR, амерыканскі тыпограф Біл Моран і італьянскі шэф-кухар Фульвіа П’еранжэліні. Праект рэалізуецца ў супрацоўніцтве з Фондам Рыма і банкам “Intesa Sanpaolo”.
“Адпраўным пунктам усяго выставачнага цыклу стаў трактат Гаэтана Вольпі “Пра шаленства валодання кнігамі”, напісаны ў 1756 годзе, дзе пералічаны небяспекі, якія пагражаюць захаванню кніг: ад вады да агню, ад святла да жывёл і шкоды, якую сам чалавек здольны нанесці сваёй культурнай спадчыне. Будучы перакананымі, што перад абліччам страхаў заўсёды разумней спыніцца і прайсці праз іх, мы звярнуліся да трох надзвычай таленавітых творцаў – мастака, тыпографа і шэф-кухара – і адкрылі для сябе нечаканыя гарызонты менавіта ў тым, што звычайна нас палохае”, - сказаў адзін з куратараў праекта ксёндз Джакама Кардзіналі.
Святар заўважыў, што выстава “AQVA” – гэта таксама магчымасць адзначыць 470-годдзе трактата пра рыб, напісанага ўрачом Іполітам Сальвіяні і выдадзенага ў Рыме ў 1557 годзе за кошт Ватыканскай бібліятэкі.
Выстава будзе дзейнічаць з 25 верасня 2026 года па 14 мая 2027 года. Яна будзе адкрыта для наведвальнікаў некалькі дзён на тыдзень. Больш падрабязная інфармацыя будзе пададзена пазней.