Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (REUTERS)

Святы Пасад: кантроль за развіццём ШІ патрабуе палітычных рашэнняў

Святы Пасад нагадаў, што мэта кіравання штучным інтэлектам – не стрымліваць развіццё новых тэхналогій, а накіроўваць іх на служэнне людзям пры захаванні годнасці чалавека і агульнага дабра.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Арцыбіскуп Этарэ Балестрэра, Пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы пры ААН у Жэневе, прыняў удзел у першай сесіі Глабальнага дыялогу па кіраванні штучным інтэлектам (First Global Dialogue on AI Governance), якая прайшла 6-7 ліпеня 2026 года ў гэтым швейцарскім горадзе.

Ватыканскі дыпламат нагадаў у сваёй прамове, што Папа Леў XIV, прадстаўляючы сваю першую энцыкліку “Magnifica Humanitas”, падкрэсліў імкненне Святога Пасаду актыўна ўдзельнічаць у дыялогу аб штучным інтэлекце, зыходзячы з прынцыпу непарушнай годнасці кожнага чалавека.

“У гэтым духу мая дэлегацыя вітае правядзенне першага Глабальнага дыялогу як платформы, якая павінна “спрыяць адкрытым, празрыстым і інклюзіўным дыскусіям аб кіраванні штучным інтэлектам”. З кожным днём становіцца ўсё больш відавочным, што мы жывём у эпоху эпохальных змен, якія закранаюць усе сферы жыцця. Такія глыбокія пераўтварэнні патрабуюць палітычнага адказу, суразмернага іх маштабу”, - заўважыў арцыбіскуп Балестрэра.

Прадстаўнік Папы падкрэсліў, што мэта кіравання штучным інтэлектам – не стрымліваць развіццё новых тэхналогій, а накіроўваць іх на служэнне ўсяму чалавецтву пры захаванні неад’емнай, дадзенай Богам годнасці кожнай асобы і агульнага дабра.

Арцыбіскуп Балестрэра заўважыў, што выкарыстанне штучнага інтэлекту не павінна азначаць перадачу адказнасці або ўхіленне ад яе на карысць алгарытму. Таму ўсе важныя рашэнні, прынятыя аўтаматызаванымі сістэмамі, павінны падлягаць чалавечаму кантролю. “Хуткасць і эфектыўнасць ніколі не павінны служыць апраўданнем, калі вынік можа паўплываць на чалавечае жыццё”, - сказаў ён.

Папскі дыпламат звярнуў асаблівую ўвагу на неабходнасць празрыстасці ў гэтай сферы: павінна быць зразумела, хто адказвае за распрацоўку, укараненне і выкарыстанне сістэм штучнага інтэлекту на кожным этапе іх стварэння і функцыянавання.

“Як падкрэсліў Папа Леў XIV, “менавіта тут вырашальнае значэнне набывае падсправаздачнасць: магчымасць вызначыць, хто павінен “несці адказнасць” за прынятыя рашэнні, абгрунтоўваць іх, ажыццяўляць кантроль за імі і, пры неабходнасці, аспрэчваць іх і выпраўляць прычыненую шкоду”, - сказаў нунцый.

Прадстаўнік Святога Пасаду заклікаў развіваць міжнароднае супрацоўніцтва ў гэтай сферы, каб чалавецтва разам выпрацавала агульныя правілы выкарыстання штучнага інтэлекту і разам несла адказнасць за агульнае дабро. “Канцэнтрацыя тэхналогій у руках некалькіх магутных карпарацый можа значна ўзмацніць іх негатыўны ўплыў, асабліва ва ўмовах відавочнай недастатковасці этычных прынцыпаў і інстытутаў, здольных адказваць на падобныя выклікі”, - падкрэсліў арцыбіскуп Балестрэра.
 

08 ліпеня 2026, 10:39