Пошук

Жыхары Кандагара (Афганістан) набіраюць пітную ваду з грамадскага крана. Ілюстрацыйнае фота Жыхары Кандагара (Афганістан) набіраюць пітную ваду з грамадскага крана. Ілюстрацыйнае фота  (ANSA)

Святы Пасад: чыстая вада і санітарыя – пытанне чалавечай годнасці

Узмацніць намаганні па забеспячэнні ўсеагульнага доступу да вады і санітарных паслуг заклікаў 7 ліпеня 2026 года ў Нью-Ёрку часовы павераны ў справах Пастаяннага прадстаўніцтва Святога Пасада пры ААН.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Мансеньёр Марка Фарміка агучыў пазіцыю Святога Пасада падчас дэбатаў палітычнага форума высокага ўзроўню па ўстойлівым развіцці. Мерапрыемства было прысвечана пытанням дасягнення Мэты ўстойлівага развіцця №6 – доступу да чыстай вады і належных санітарных умоў.

Ватыканскі дыпламат адзначыў, што доступ да бяспечнай пітной вады і санітарыі з’яўляецца неабходнай умовай для поўнага ажыццяўлення права на жыццё. Аднак мільярды людзей у свеце па-ранейшаму не маюць доступу да надзейных крыніц чыстай вады і належнай каналізацыі.

Такая няроўнасць уяўляе сабой не толькі праблему развіцця, але і глыбокую несправядлівасць, якая парушае чалавечую годнасць і перашкаджае цэласнаму развіццю чалавека. Яна сведчаць не толькі пра няздольнасць дасягнуць Мэту ўстойлівага развіцця №6, але і пра недастатковую адказнасць у справе захавання недатыкальнасці жыцця.

Вада не павінна разглядацца як тавар або эканамічны рэсурс для эксплуатацыі. Яна з’яўляецца агульным дабром і дарам, давераным усёй чалавечай сям’і. Таму кіраванне воднымі рэсурсамі павінна грунтавацца на прынцыпах справядлівасці, салідарнасці і ўсеагульнага прызначэння дабротаў для цяперашніх і будучых пакаленняў, - нагадаў прадстаўнік Святога Пасада.

Мансеньёр Фарміка заклікаў павялічыць падтрымку краінам, якія ідуць па шляху развіцця: пашырыць фінансаванне, перадаць тэхналогіі і развіваць іх патанцыял. Ён адзначыў неабходнасць захоўваць бачанне вады як агульнага дабра ўсяго чалавецтва і супрацьстаяць камерцыялізацыі асноўных чалавечых патрэб.

Прадстаўнік Святога Пасада звярнуў увагу на тое, што дасягненне МУР №6 патрабуе не толькі тэхнічных рашэнняў, але і глыбокіх культурных і этычных зрухаў. Ён падкрэсліў важнасць адукацыйных і інфармацыйных праграм, якія дапамагаюць развіваць адказнае стаўленне да водных рэсурсаў, пазбягаць іх марнавання і падтрымліваць устойлівыя мадэлі спажывання.

Дыпламат заклікаў да аднаўлення пачуцця адказнасці на ўсіх узроўнях – асабістым, мясцовым, нацыянальным і міжнародным – а таксама да распрацоўкі палітыкі, якая ставіць у цэнтр увагі дабро бедных і найбольш уразлівых людзей. Ён адзначыў, што Канферэнцыя па водных рэсурсах – 2026 стане важнай магчымасцю для прасоўвання гэтых намаганняў.

“Захоўваць ваду – значыць захоўваць само жыццё”, – падкрэсліў прадстаўнік Святога Пасада, заклікаючы міжнародную супольнасць дзейнічаць у духу салідарнасці і справядлівасці дзеля дабра цяперашніх і будучых пакаленняў.

08 ліпеня 2026, 11:26