Святы Пасад у ААН: развіццё краін вымяраецца не толькі ВУП
Марыя Валодзіна - Vatican News
Мансеньёр Марка Фарміка агучыў пазіцыю Святога Пасада на пасяджэнні Палітычнага форума высокага ўзроўню па ўстойлівым развіцці, якое прайшло 9 ліпеня 2026 года ў Нью-Ёрку і было прысвечанага малым астраўным дзяржавам, якія ідуць па шляху развіцця.
Часовы павераны ў справах прадстаўніцтва Святога Пасада пры ААН нагадаў пра Праграму дзеянняў па дапамозе малым астраўным дзяржавам, прынятай на саміце ў Антыгуа і Барбудзе, як пра важны арыенцір для адказу на эканамічныя, сацыяльныя і экалагічныя выклікі, з якімі сутыкаюцца гэтыя дзяржавы.
Аднак аднаго толькі міжнароднага рамкавага дакумента недастаткова, каб паскорыць дасягненне Мэт устойлівага развіцця ў такіх краінах. Намаганні павінны быць скіраванымі на дадзеную Богам годнасць чалавека і на яго ўсебаковае развіццё.
Менавіта таму звычайныя эканамічныя паказчыкі не здольныя ў поўнай меры адлюстраваць рэальнае становішча малых астраўных дзяржаў, бо не ўлічваюць іх унікальных і часта схаваных праблем, - адзначыў прадстаўнік Святога Пасада.
У энцыкліцы “Magnifica humanitas” Леў XIV заклікае міжнародную супольнасць выйсці за рамкі паказчыкаў развіцця, прывязаных толькі да валавога ўнутранага прадукту (ВУП), якія сістэматычна пакідаюць па-за ўвагай аспекты агульнага дабрабыту чалавека і навакольнага асяроддзя. Замест гэтага неабходна забяспечыць поўную і своечасовую ацэнку таго, як заканадаўчыя і нарматыўныя рашэнні ўплываюць на годнасць працы, усеагульны дабрабыт, скарачэнне няроўнасці і ахову стварэння, - падкрэсліў ксёндз Фарміка.
Такі падыход асабліва важны для малых астраўных дзяржаў, бо менавіта яны рэгулярна пакутуюць ад кліматычных катастроф, дэградацыі навакольнага асяроддзя і знешніх эканамічных крызісаў, якія выяўляюць глыбокія структурныя праблемы, нябачныя ў традыцыйных паказчыках ВУП, - адзначыў ватыканскі дыпламат, выказаўшы зацікаўленасць у міжурадавым працэсе па выпрацоўцы новых паказчыкаў прагрэсу ў галіне ўстойлівага развіцця, якія б выходзілі за рамкі ВУП.