Пошук

Разбураны будынак сядзібы БАПАР у Сектары Газа (11.01.2026) Разбураны будынак сядзібы БАПАР у Сектары Газа (11.01.2026)  (AFP or licensors)

Святы Пасад працягне фінансаваць агенцтва па дапамозе палесцінцам

Прадстаўнік Святога Пасада мансеньёр Марка Фарміка запэўніў, што Апостальская Сталіца будзе і надалей уносіць узносы ў агенцтва ААН па дапамозе палесцінскім бежанцам, падкрэсліўшы, што ў час пакут і нявызначанасці яно застаецца жыццёва важнай апорай для мільёнаў палесцінцаў.

Марыя Валодзіна - Vatican News

30 чэрвеня 2026 года супрацоўнік Пастаяннага прадстаўніцтва Святога Пасада ў ААН прыняў удзел у пасяджэнні Спецыяльнага камітэта Генеральнай Асамблеі па пытанні фінансавання Блізкаўсходняга агенцтва ААН для дапамогі палесцінскім бежанцам і арганізацыі работ (UNRWA/БАПАР)

Ватыканскі дыпламат нагадаў, што ў гэты час бесперапынных пакут і глыбокай нявызначанасці агенцтва застаецца жыццёва важнай апорай для мільёнаў палесцінскіх бежанцаў. Ужо больш за сем дзесяцігоддзяў яно забяспечвае палесцінцаў адукацыяй, аховай здароўя, прадуктовай дапамогай і сацыяльнымі паслугамі, даючы магчымасць годнага жыцця.

Прадстаўнік Святога Пасада выказаў глыбокую занепакоенасць у сувязі з гібеллю персаналу БАПАР, нападамі на яго сядзібы, школы і іншыя ўстановы, дзе шукаюць прытулку мірныя жыхары, а таксама ў сувязі з перашкодамі ў дастаўцы гуманітарнай дапамогі ў Сектар Газа. Ён заклікаў абараняць мірнае насельніцтва, гуманітарны персанал і інфраструктуру, а таксама забяспечыць доступ да гуманітарнай дапамогі.

Назіральнік пацвердзіў намер Святога Пасада працягваць фінансавую падтрымку агенцтва як канкрэтны выраз салідарнасці з палесцінскімі бежанцамі і знак даверу да гуманітарнай місіі арганізацыі. Ён нагадаў пра важнасць грунтаваць дзейнасць агенцтва на прынцыпах гуманнасці, нейтралітэту, непрадузятасці і незалежнасці, каб яно магло і надалей выконваць свой мандат як надзейны інструмент салідарнасці і міру.

БАПАР было заснавана рэзалюцыяй Генеральнай Асамблеі ААН у 1949 годзе. Таму любыя пытанні, якія датычацца яго будучыні, павінны вырашацца шляхам калектыўнага абмеркавання дзяржаў-членаў і не могуць вызначацца аднабаковымі рашэннямі, - адзначыў дыпламат.

01 ліпеня 2026, 10:13