Пошук

ААН у Жэневе ААН у Жэневе  (REUTERS)

Святы Пасад нагадаў пра сувязь раззбраення і развіцця чалавека

Міжнародная супольнасць нясе супольную адказнасць за падтрымку пацярпелых ад касетных боепрыпасаў, смяротная спадчына якіх і сёння працягвае калечыць лёсы мноства нявінных людзей, - нагадаў Пастаянны назіральнік Святога Пасада пры ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе.

Марыя Валодзіна – Vatican News

1 ліпеня 2026 года арцыбіскуп Этарэ Балестрэра прыняў ўдзел у падрыхтоўчым пасяджэнні Трэцяй агляднай канферэнцыі дзяржаў-удзельніц Канвенцыі аб касетных боепрыпасах. Ён нагадаў, што гэты дакумент нарадзіўся з клопату пра чалавечую асобу, асабліва пра найбольш безабаронных, і нагадаў пра непарыўную сувязь паміж раззбраеннем і развіццём чалавека.

Прадстаўнік Святога Пасада заклікаў да вернасці таму духу гуманізму, які натхніў на стварэнне Канвенцыі. Яна ўжо прынесла рэальныя змены: не толькі дапамагла многім ахвярам касетных боепрыпасаў, але і прадухіліла новыя чалавечыя трагедыі, - адзначыў ён.

На жаль, смяротная спадчына касетных боепрыпасаў працягвае калечыць мноства нявінных жыццяў. Дапамога пацярпелым павінна ўспрымацца як сумесная адказнасць сям’і народаў, - сцвердзіў дыпламат.

Арцыбіскуп Балестрэра падкрэсліў занепакоенасць Святога Пасада выкарыстаннем некаторых тэрмінаў у тэксце агляднага дакумента аб выкананні Лазанскага плана дзеянняў на 2022–2026 гады і аб статусе Канвенцыі. Дэлегацыя Святога Пасада паслядоўна выступала супраць такіх тэрмінаў, як “гендэр і разнастайнасць”, “гендэрныя аспекты” і “гендарны падыход”, а таксама супраць уключэння спасылак на ініцыятывы, якія выходзяць за межы мандата Канвенцыі, у прыватнасці на парадак дня “Жанчыны, мір і бяспека”. Падобныя выразы могуць стаць дадатковай перашкодай для ратыфікацыі Канвенцыі або далучэння да яе новых дзяржаў, а гэта ўскладніць працэс яе ўніверсалізацыі, - папярэдзіў дыпламат.

Напрыканцы прамовы арцыбіскуп Балестрэра нагадаў словы Льва XIV пра неабходнасць будаваць бяззбройны мір. Ён адзначыў, што Канвенцыя па касетных боепрыпасах можа ўнесці значны ўклад у дасягненне гэтай мэты.

02 ліпеня 2026, 15:30