Святы Пасад: палепшыць доступ да лячэння СНІДу для маці і дзяцей
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Часовы павераны па справах Пастаяннай місіі назіральніка Святога Пасада пры ААН мансіньёр Марка Фарміка прыняў удзел у Сустрэчы высокага ўзроўню па ВІЧ/СНІДзе пад назвай “Аб’яднаныя, каб пакласці канец СНІДу”, якая адбылася 10 ліпеня 2026 года ў Нью-Ёрку.
Барацьба з ВІЧ/СНІДам прыносіць вынікі ва ўсім свеце: з 2010 года колькасць новых заражэнняў зменшылася, асабліва значна ў Афрыцы на поўдзень ад Сахары, адзначыў дыпламат. У той жа час ён заўважыў, што многія людзі, асабліва ў краінах, якія развіваюцца, усё яшчэ не маюць доступу да антырэтравіруснай тэрапіі.
Асабліва ўразлівымі застаюцца дзеці: яны складаюць 3% усіх людзей, якія жывуць з ВІЧ, але на іх прыпадае 12% смерцяў ад гэтай хваробы, - падкрэсліў мансіньёр Фарміка.
Прадстаўнік Папы заклікаў забяспечыць належнае тэсціраванне і пастаяннае лячэнне, пачынаючы з цяжарных жанчын, якія знаходзяцца ў групе рызыкі або жывуць з ВІЧ. Ён падкрэсліў, што “якасная дародавая, родавая і пасляродавая дапамога абараняе як маці, так і іх дзяцей”.
Паводле яго слоў, асабліва важна забяспечыць “раннюю дыягностыку і пастаянны доступ да лячэння для дзяцей з ВІЧ, выкарыстоўваючы прэпараты, адпаведныя іх узросту”.
Дыпламат Святога Пасаду запэўніў, што каталіцкія медыцынскія ўстановы, “якія забяспечваюць каля чвэрці ўсёй дапамогі, звязанай з ВІЧ, ва ўсім свеце”, будуць і надалей уносіць свой уклад у тое, каб усе людзі, якія жывуць з ВІЧ, “атрымлівалі лячэнне і падтрымку з павагай да іх неад’емнай чалавечай годнасці”.
Мансіньёр Фарміка адзначыў, што Святы Пасад “прызнае прагрэс, дасягнуты за апошнія пяць гадоў у прафілактыцы і лячэнні ВІЧ і СНІДу, а таксама значныя поспехі, зробленыя з часу першай сустрэчы высокага ўзроўню па гэтай тэме ў 2001 годзе”.
Прадстаўнік Місіі Святога Пасаду пры ААН заклікаў працягваць умацоўваць супрацоўніцтва паміж рознымі арганізацыямі і сектарамі, падкрэсліўшы, што менавіта яно “было ключавым для зніжэння кошту і пашырэння даступнасці лячэння”.
Ватыканскі дыпламат заклікаў міжнародную супольнасць спрыяць роўнаму доступу да медыцынскай дапамогі і надаваць асаблівую ўвагу самым бедным краінам. Завяршаючы свой зварот, ён нагадаў словы Папы Льва XIV:
“Мы не можам уявіць сабе грамадства, якое імчыцца на поўнай хуткасці, трымаючыся за ілжывыя міфы пра дабрабыт, і адначасова ігнаруе мноства сітуацый беднасці і ўразлівасці”.