Боль расколу: Андрэа Тарніелі пра схізматычны акт і экскамуніку
Андрэа Тарніелі / Пераклад: Аляксандр Панчанка
У гэты сумны дзень, калі публікуецца дэкрэт, што пацвярджае экскамуніку, у якую аўтаматычна трапілі ў момант ускладання рук два біскупы-лефеўрысты дэ Галарэта і Феле, а таксама чатыры новапасвячаныя біскупы, ёсць тыя, хто абгрунтавана звяртае ўвагу на адкрытую супярэчнасць Брацтва святога Пія X. На словах, у афіцыйных заявах яно кажа, што прызнае законнасць і ўладу Наступніка Пятра Льва XIV, што любіць яго і моліцца за яго. На справе ж – а справы заўсёды важаць больш за словы – не былі ўлічаны яго дакладная воля, яго неаднаразовыя заклікі, яго просьба не працягваць раскольніцкія пасвячэнні без папскага дазволу, а лепш сказаць, раскольніцкія пасвячэнні, якія былі выразна забаронены Пантыфікам.
У гэтыя дні згадваліся таксама словы святога Пія X, у гонар якога названа Брацтва, і які ў 1912 годзе казаў: “Як трэба любіць Папу? Не словам ці языком, але справай і праўдай... каб даказаць нашу любоў да Папы, неабходна быць паслухмянымі яму. Таму, калі любяць Папу, не вядуць дыскусій вакол таго, што Ён загадвае ці патрабуе, або да якіх межаў павінна даходзіць паслухмянасць і ў чым трэба слухацца”.
Згадваўся і парадокс традыцыяналістаў, якія лічаць абрад недатыкальным, але прыдумваюць формулу, каб замяніць адсутнасць істотнага элемента ў кожным каталіцкім біскупскім пасвячэнні: дазволу Папы.
Аднак сапраўдная сутнасць справы ў іншым і яна не мае нічога агульнага з Імшой у дасаборным абрадзе (якую памылкова называюць “лацінскай Імшой”), бо вернікам, прывязаным да гэтай літургічнай формы, усё яшчэ дазволена цэлебраваць яе ў поўнай еднасці з Пятром. Сапраўдны ключавы вузел у тым, што такое Традыцыя і, асабліва, хто павінен яе захоўваць, развіваючы наша разуменне Традыцыі пад натхненнем Святога Духа.
Калі Традыцыя крышталізуецца ў ідэалагічную сістэму, калі нехта прысвойвае сабе права судзіць Сабор, які прайшоў пад старшынствам двух святых Папаў з удзелам трох тысяч біскупаў з усяго свету і які абнародаваў дакументы, прынятыя практычна аднагалосна; калі патрабуецца, каб Наступнік Пятра і ўвесь Каталіцкі Касцёл прынялі і зрабілі сваімі тэалагічныя ідэі пэўнай групы, у гэтым ёсць нешта глыбока супярэчлівае. Але найперш у гэтым ёсць нешта вельмі далёкае ад каталіцкай веры, сакрэтам якой – тлумачыў вялікі пісьменнік Віторыа Месоры, які пайшоў з жыцця ў мінулую Вялікую Пятніцу і які шмат зрабіў дзеля вяртання Брацтва святога Пія X да поўнай еднасці – ёсць і застаецца “et et” (і... і...), а не “aut aut” (або... або...).
І таму ў Касцёле ёсць месца для вернікаў, прывязаных да старой літургіі, ёсць месца для дыскусіі, для чытання і перачытвання дакументаў і іх інтэрпрэтацыі. Але няма месца для таго, каб судзіць Папу і не падпарадкоўвацца яму, здзяйсняючы дзеянні, якія разрываюць еднасць “Містычнага Цела” Хрыста, якім ёсць Касцёл, і няма месца для стварэння паралельнай іерархіі насуперак выразнай забароне Таго, каму Езус сказаў: “Ты – Пётр (скала), і на гэтай скале Я пабудую Касцёл Мой”.