Папскі элемазінарый: ад чыстага сэрца да клопату пра стварэнне і бедных
Аляксандр Панчанка - Vatican News
“Сёння мы запрошаны паразважаць над двума неад’емнымі вымярэннямі хрысціянскага жыцця: клопатам пра стварэнне і міласэрнай любоўю”, - сказаў у гаміліі прэфект Дыкастэрыі па міласэрным служэнні. Ён нагадаў, што “той, хто любіць Бога, любіць таксама і тое, што Ён стварыў, і любіць кожнага чалавека, якога Бог яму даверыў”.
“Клопат пра стварэнне – гэта не толькі пасадзіць дрэва, пазбягаць марнатраўства і паважаць навакольнае асяроддзе. Усё гэта важна, але ёсць нешта яшчэ больш глыбокае. Сапраўдная экалогія нараджаецца ў сэрцы, якое перамянілася. Калі сэрца апанавана эгаізмам, мы будзем карыстацца ўсім, не думаючы пра іншых. Калі ж у сэрцы жыве Хрыстовая любоў, тады навучымся жыць з умеранасцю, удзячнасцю і павагай”, - сказаў ён.
“Кожны раз, калі мы марнуем ежу, ваду ці рэсурсы, мы забываем пра шматлікіх нашых братоў, якія пазбаўлены гэтага. Кожны жэст павагі да стварэння становіцца таксама канкрэтным жэстам любові да бліжняга, асабліва да самых бедных, якія першымі пакутуюць ад наступстваў забруджвання, войнаў і кліматычных зменаў”, - дадаў прэфект.
Арцыбіскуп Марын падкрэсліў, што “мы ўсе пакліканы да паўнаты любові”. “Мы ведаем шмат пра Пана, але, магчыма, не ведаем Яго па-сапраўднаму; мы кажам, што любім Яго, але не прыслухоўваемся да Яго голасу; мы кажам, што Ён – наша жыццё, але пазбягаем Яго ўмілаваных дзяцей: бедных, абяздоленых, пакінутых. Часам мы адчуваем агіду, дакранаючыся да зраненага цела Хрыста; здзяйсняем Эўхарыстыю, але ператвараем яе ў руціну, не імкнёмся зрабіць сваё жыццё сапраўды эўхарыстычным. Куды скіраваны наш позірк? Дзе знаходзіцца наша сэрца? Нам трэба змяніць напрамак і навучыцца глядзець на іншых вачыма Бога”, - сказаў іерарх.
Элемазінарый падкрэсліў, што для таго, каб канкрэтным чынам клапаціцца пра стварэнне, не патрэбныя надзвычайныя жэсты. “Так, можам пачаць з малых учынкаў: пазбягаць марнатраўства, адказна карыстацца тым, што маем, захоўваць у чысціні месцы, дзе жывём, паважліва ставіцца да жывёл і раслін, вучыць дзяцей удзячнасці за дары прыроды. Але найперш мы можам штодзённа рабіць учынкі міласэрнасці: наведаць самотнага чалавека, сказаць суцяшальнае слова, аказаць канкрэтную дапамогу сям’і, якая знаходзіцца ў цяжкай сітуацыі, прабачыць. Забруджванне сэрца вядзе да іншых формаў матэрыяльнага і экалагічнага забруджвання. Спачатку трэба аздаравіць душу, ачысціць сэрца”, - дадаў ён.
Прэфект Дыкастэрыі па міласэрным служэнні заўважыў, што свету патрэбныя хрысціяне, якія ўмеюць ахоўваць стварэнне як Божы дар і дзяліцца сваімі дабротамі са шчырым сэрцам. “Гэта і ёсць тая любоў, якая змяняе грамадства: не любоў, якая існуе толькі на словах, але якая выяўляецца ў штодзённых рашэннях”, - сказаў іерарх.
“Давайце папросім Пана, каб Ён адарыў нас новым позіркам, здольным бачыць у прыродзе Яго прыгажосць, а ў кожным чалавеку – аблічча Хрыста. Так наша вера стане канкрэтнай, наша любоў – пераканаўчай, а нашы намаганні па абароне стварэння – н яспынным гімнам праслаўлення Стварыцеля”, - заахвоціў элемазінарый Папы.