Пошук

Ян Павел ІІ. Ілюстрацыйнае фота Ян Павел ІІ. Ілюстрацыйнае фота 

У Ватыкане створаць лічбавы фотаархіў пантыфікату Яна Паўла ІІ

Напярэдадні 50-й гадавіны абрання святога Яна Паўла II Папам, якая будзе адзначацца ў кастрычніку 2028 года, у Ватыкане распачалі маштабны праект па алічбоўцы фотаархіва яго пантыфікату.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Ініцыятыва была прадстаўлена 8 ліпеня 2026 года на Ватыканскім радыё. Яе рэалізуе Дыкастэрыя па камунікацыі, каб захаваць і зрабіць даступнай для шырокай грамадскасці ўнікальную візуальную спадчыну аднаго з самых працяглых і найважнейшых пантыфікатаў у гісторыі Касцёла.

Архіў налічвае больш за 4,7 мільёна фотаздымкаў, якія адлюстроўваюць 27 гадоў служэння Яна Паўла II. На іх захаваны найважнейшыя падзеі яго пантыфікату, у тым ліку 104 апостальскія падарожжы і 146 пастырскіх візітаў.

Праект прадугледжвае комплексную працу: сканіраванне фотанегатываў, рэстаўрацыю пашкоджаных матэрыялаў, апісанне здымкаў і стварэнне сучаснага лічбавага архіва, даступнага для ўсіх.

У рэалізацыі ініцыятывы будуць удзельнічаць былы папскі фатограф Франчэска Сфорца, які выступіць куратарам праекта, балонская кінарэстаўрацыйная лабараторыя “Immagine Ritrovata” і кампанія “Bucap”, якая забяспечыць тэхналогіі алічбоўкі.

У Дыкастэрыі па камунікацыі адзначылі, што галоўная мэта праекта – зберагчы каштоўныя гістарычныя сведчанні і зрабіць іх даступнымі для даследчыкаў, журналістаў і ўсіх, хто цікавіцца жыццём і служэннем святога Яна Паўла II. Прэфект Дыкастэрыі Паола Руфіні падкрэсліў, што сучасныя тэхналогіі павінны служыць захаванню памяці, бо менавіта веданне мінулага дапамагае будаваць будучыню.
 

09 ліпеня 2026, 08:35