Арцыбіскуп Галахер: няхай Касцёл у Расіі будзе будаўніком мастоў
Стэфана Ляшчынскі, пераклад і адаптацыя Марыя Валодзіна - Vatican News
На сустрэчы з каталіцкім духавенствам і кансэкраванымі асобамі арцыбіскуп Пол Рычард Галахер выказаў удзячнасць за вернасць, з якой яны выконваюць сваё душпастырскае, адукацыйнае і дабрачыннае служэнне, “часта ў няпростых умовах”, а таксама за іх адданасць справе касцёльнай еднасці і дыялогу з іншымі хрысціянскімі супольнасцямі.
Сустрэча прайшла ў атмасферы глыбокай любові і ўзаемаразумення. Арцыбіскуп Галахер пачаў з таго, што перадаў шчырае прывітанне Льва XIV усёй супольнасці святароў, законнікаў і законніц. Нагадаўшы пра агульнае пакліканне да святасці праз хрост, “які Другі Ватыканскі сабор рашуча паставіў у цэнтр касцёльнага жыцця”, іерарх падкрэсліў, што праз пакліканне кожнага чалавека заклік да святасці знаходзіць свой выраз у паўнаце любові, “да якой пакліканы ўсе”. Касцёл расце і будуецца на сапраўдных сведках, – сказаў арцыбіскуп Галахер, дадаючы, што духавенству даручана асаблівая адказнасць – сведчыць Евангелле сваім жыццём. “Там, дзе пануюць еднасць і адзінства, сведчанне становіцца праўдзівым і плённым”, – падкрэсліў ён.
Закранаючы тэму душпастырскай дзейнасці манахаў і манахінь, арцыбіскуп Галахер нагадаў заклік Папы Францішка ў Асізі: ісці з народам, “часам наперадзе, часам пасярэдзіне, а часам ззаду" – наперадзе, каб весці; пасярэдзіне, каб падтрымліваць; і ззаду, каб не пакінуць нікога; але, перш за ўсё, ісці разам, каб дапамагаць адзін аднаму, умець прасіць прабачэння і дараваць.
Служэнне Касцёла праяўляецца таксама ў стварэнні шляхоў дыялогу “з іншымі хрысціянскімі Цэрквамі і касцёльнымі супольнасцямі, з іншымі рэлігіямі, з тымі, хто не падзяляе наш шлях”. Спасылаючыся на энцыкліку Льва XIV “Magnifica humanitas” і на абраны ім дэвіз “In illo uno unum” ("У Ім адзіным мы адзіныя") , арцыбіскуп Галахер падкрэсліў, што дыялог мусіць адбывацца без адмовы “ад уласнай ідэнтычнасці, але з паважлівай адкрытасцю да праўды і дароў, прысутных у іншых”.
Касцёл пакліканы быць міратворцам і будаўніком мастоў. Гэтую місію даручыў яму Леў XIV на пачатку пантыфікату, гаворачы пра бяззбройны і абяззбройваючы, пакорлівы і трывалы супакой. “Будаваць мост значыць прызнаваць адлегласць паміж двума бакамі – падзел, нянавісць, неразуменне – і адмовіцца лічыць яе непераадольнай”, – сказаў арцыбіскуп Галахер, просячы заступніцтва Маці Божай, апякункі архідыяцэзіі, “каб Яна дала нам магчымасць спрыяць пабудове свету, у якім пануюць любоў, справядлівасць і мір”.
Пасля сустрэчы з духавенствам, законнікамі і законніцамі, арцыбіскуп Галахер узначаліў урачыстую Імшу ў катэдральным саборы Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. У набажэнстве прынялі ўдзел каталіцкія біскупы краіны. Святую Імшу ў катэдры, запоўненай вернікамі, разам з нунцыем Джавані Д’Аньела і дарадцам нунцыятуры Міславам Ходжычам канцэлебравалі біскуп Ёзэф Верт, апостальскі адміністратар біскуп Мікалай Дубінін і біскуп Штэфан Ліпке.
У атмасферы глыбокай засяроджанасці і хвалявання арцыбіскуп Галахер пачаў сваю гамілію, перадаючы каталіцкай супольнасці ў Расійскай Федэрацыі словы падбадзёрвання ад Папы: “Працягваць з яшчэ большым энтузіязмам шлях веры”. Потым ён зноў звярнуўся да тэмы ўмацавання міру: “Тут, на гэтым урачыстым набажэнстве, прадстаўлены ўсяленскі Касцёл: мы паходзім з розных краін, культур і гісторый, і мы сабраліся тут, у сэрцы Масквы, як адна сям'я, аб'яднаная адной верай у Бога”, - сказаў іерарх.
“Жыць Евангеллем – азначае таксама ісці разам дзеля агульнага дабра па гасцінцу дыялогу і міру”, - дадаў арцыбіскуп Галахер. Спасылаючыся на размову Езуса з Самаранкай ля калодзежа, іерарх нагадаў, што сапраўдны дыялог ніколі не з'яўляецца кампрамісам, які перакрэслівае ўласную ідэнтычнасць, гэта сустрэча сэрцаў. Евангелле заклікае нас нястомна шукаць тое, што аб'ядноўвае: “наша сацыяльнае супрацоўніцтва, служэнне бедным, хворым, разгубленым і тым, хто пакутуе, не мае канфесійных меж". Такім чынам мы адказваем на заклік Льва XIV "стаць сапраўднымі міратворцамі ў штодзённым жыцці", "будуючы масты дыялогу і ўзаемаразумення, раззбройваючы сэрцы і ацаляючы раны блізкасцю, прабачэннем і дабрынёй".
Сустрэча арцыбіскупа Пола Рычарда Галлахера з біскупамі працягнулася братэрскай трапезай, прапанаванай у яго гонар у архідыяцэзіяльнай курыі. Пасля яе завяршэння іерарх заклікаў біскупаў працягваць сваю душпастырскую місію з абноўленым натхненнем.