Пошук

Габрыэла Гамбіна, падсакратар Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця Габрыэла Гамбіна, падсакратар Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця 

Габрыэла Гамбіна: маладым трэба ўбачыць, што вернасць магчымая

Як сёння дапамагчы маладым убачыць прыгажосць абяцання на ўсё жыццё? Пра гэта на сустрэчы ў Рыміні разважала Габрыэла Гамбіна.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

На “Сустрэчы сяброўства паміж народамі” ў Рыміні Габрыэла Гамбіна, падсакратар Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця, разважала пра сужэнства як інстытут, пакліканне і сведчанне. Яна звярнула ўвагу на крызіс інстытуту шлюбу і цяжкасць, з якой новыя пакаленні прымаюць рашэнне аб канчатковым абавязацельстве.

На думку Гамбіна, маладым недастаткова толькі чуць пра шлюб – ім неабходна сустракаць сужэнцаў, якія ўласным жыццём паказваюць, што вернасць, абяцанне і дар самога сябе магчымыя і сёння. Шлюб нельга разглядаць толькі як прыватны выбар двух людзей. Ён мае сямейнае, грамадскае і прававое значэнне, а для хрысціян з’яўляецца таксама пакліканнем і сакрамэнтам.

Асобнае месца ў разважанні заняў сэнс сужэнскай сувязі. Яна, паводле Гамбіна, не павінна ўспрымацца як абмежаванне любові, бо менавіта ўстойлівае абавязацельства дапамагае яе захоўваць. Папулярызацыя хрысціянскага шлюбу, падкрэсліла яна, не павінна зводзіцца да маралізатарства. Важна паказаць, што сувязь – гэта "дарослая мова любові", здольнасць будаваць трывалыя адносіны, заснаваныя на вернасці і абяцанні.

Для хрысціян сужэнства з’яўляецца сапраўдным пакліканнем, на якое два чалавекі адказваюць разам. Таму падрыхтоўка да сакрамэнту не павінна абмяжоўвацца бюракратычнымі пытаннямі або тлумачэннем правоў і абавязкаў. Яна павінна дапамагаць будучым сужэнцам убачыць, што Хрыстус уваходзіць у іх гісторыю, падтрымлівае і аднаўляе іх любоў.

Паводле Гамбіна, менавіта сведчанне сем’яў, якія жывуць вернасцю, умеюць прабачаць і захоўваюць шлюбнае абяцанне, можа зрабіць для маладых зразумелым тое, што інакш засталося б толькі абстрактным прынцыпам.
 

27 жніўня 2026, 10:37