Пошук

Леў XIV прыняў даверчыя граматы пасла Вялікабрытаніі

Пантыфік прыняў у ватыканскім Апостальскім палацы новага пасла Вялікабрытаніі пры Святым Пасадзе Тарандзіп Каур Сандху, якая ўручыла яму свае даверчыя граматы.

Марыя Валодзіна - Vatican News

28 жніўня 2026 года новы пасол Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі Тарандзіп Каур Сандху ўручыла Святому Айцу свае даверчыя граматы.

Спадарыня Сандху нарадзілася 6 сакавіка 1982 года ў Лестэры (Вялікабрытанія). Вучылася ў Аб’яднаным сусветным каледжы Лі По Чун у Ганконгу. Атрымала ступень у галіне англійскай літаратуры ва Універсітэце Уорвіка, а таксама ступень магістра па міжнароднай дзяржаўнай палітыцы ва Універсітэцкім каледжы Лондана.

Дыпламатычную службу пачала ў 2005 годзе ў Міністэрстве замежных спраў Вялікабрытаніі. У 2005–2007 гадах працавала ў аддзеле парламенцкіх сувязяў, у 2007–2008 гадах – у аддзеле па барацьбе з тэрарызмам. У 2009–2012 гадах займала пасаду другога сакратара Пасольства Вялікабрытаніі ў Марока. У 2012–2014 гадах была намесніцай прэс-сакратара Пастаяннага прадстаўніцтва Вялікабрытаніі пры Еўрапейскім саюзе ў Бруселі. З 2014 па 2017 год працавала намесніцай кіраўніка дыпламатычнай місіі і кіраўніцай аддзела міжнароднага гандлю ў Чэнаі (Індыя). У 2017–2020 гадах працавала ў аддзеле кадраў Міністэрства замежных спраў Вялікабрытаніі, а ў 2020 годзе была прызначана дырэктарам Сеткі па пытаннях расы і этнічнасці. У 2021–2023 гадах спадарыня Сандху займала пасаду намесніцы генеральнага консула Вялікабрытаніі ў Сан-Францыска, а ў 2023–2025 гадах была генеральным консулам у гэтым горадзе.

Тарандзіп Каур Сандху замужам, мае дачку.

28 жніўня 2026, 12:57