Пошук

Румынскі Грэка-Каталіцкі епіскапат падчас пахавання кардынала Лучыяна Мурэшана Румынскі Грэка-Каталіцкі епіскапат падчас пахавання кардынала Лучыяна Мурэшана 

Румынскія грэка-католікі абяруць кіраўніка ў Рыме

Сінод Румынскай Грэка-Каталіцкай Царквы збярэцца ў Рыме 2-6 лістапада 2025 года, каб абраць новага кіраўніка. Выбары пройдуць у Папскім румынскім калегіуме.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Як паведамляе архіепархія Фэгэраша і Алба-Юліі, сесія будзе мець надзвычайны характар, а яе адзіным пунктам парадку дня стане выбар новага Вярхоўнага архіепіскапа Румынскай Грэка-Каталіцкай Царквы. 3 і 4 лістапада 2025 года іерархі прысвецяць час духоўнай рэфлексіі.

Біскупы таксама адслужаць 4 лістапада 2025 года жалобную Літургію за кардынала Лучыяна Мурэшана, на саракавы дзень пасля яго смерці.

“Мы выбралі Рым для правядзення надзвычайнага Сінода, таму што 2025 год, акрамя таго, што з’яўляецца Святым і прысвечаны ў Румыніі благаслаўлёнаму кардыналу Юліу Хосу, таксама адзначаны 325-й гадавінай еднасці нашай Царквы з Рымскім Касцёлам”, - сказаў агенцтву “SIR” епіскап Крысціян Крышан, адміністратар Румынскай Грэка-Каталіцкай Царквы. “У Рыме Сінод збярэцца ўпершыню”, - дадаў ён.

Па словах іерарха, такім чынам епіскапат хоча падкрэсліць адданасць і вернасць сваёй Царквы Апостальскай Сталіцы, аж да мучаніцтва, а таксама жывое сведчанне веры і вернасці Папу і Рымскаму Касцёлу, якое даў пры жыцці кардынал Лучыян Мурэшан.

Румынская Грэка-Каталіцкая Царква была заснавана ў 1700 годзе ў перыяд праўлення Габсбургаў у Сяміграддзі. У XIX стагоддзі яна адыграла важную ролю ў развіцці румынскай нацыянальнай свядомасці.

Пасля Другой сусветнай вайны Царква спазнала рэпрэсіі з боку камуністычных улад. У 1948 годзе касцельная унія з Рыма-Каталіцкім Касцёлам была скасавана, а грэка-каталіцкія парафіі былі ўключаны ў структуры Румынскага Праваслаўнага Патрыярхату.

Супольнасць, аднак, выжыла, дзейнічаючы нефармальна ў падполлі. Румынская Грэка-Каталіцкая Царква адрадзілася ў 1990 годзе. Сёння яна налічвае каля 430 тысяч вернікаў і падзелена на шэсць епархій, адна з якіх знаходзіцца ў ЗША, і адну архіепархію з сядзібай у горадзе Блаж.
 

24 кастрычніка 2025, 10:14