Пошук

30-я Канферэнцыя ААН па клімаце (COP30) 30-я Канферэнцыя ААН па клімаце (COP30)  (AFP or licensors)

COP30 у Белене: Касцёл імкнецца надаць душу перамовам па клімаце

11 лістапада 2025 года ў бразільскім горадзе Белен распачалася 30-я Канферэнцыя ААН па клімаце (COP30). Дэлегацыя Святога Пасада, прадстаўнікі Касцёла і каталіцкіх арганізацый імкнуцца надаць дадатковую каштоўнасць дыскусіям пра будучыню планеты.

Марыя Валодзіна - Vatican News

“Калі хочаш спрыяць міру, захоўвай стварэнне”, - нагадаў Леў XIV у сваім пасланні да ўдзельнікаў кліматычнага саміту кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў, якія сабраліся ў Белене напярэдадні COP30. Папа падкрэсліў, што сёння, калі, з аднаго боку, чалавецтва перажывае цяжкія часы і ўвага міжнароднай супольнасці скіравана да канфліктаў паміж краінамі, трэба памятаць, што, з іншага боку, свету таксама пагражае адсутнасць належнай павагі да стварэння, разрабаванне прыродных рэсурсаў і паступовае пагаршэнне якасці жыцця з-за змены клімату.

11-21 лістапада 2025 года дэлегаты звыш 150 краін свету будуць шукаць шляхі супрацьстаяння экалагічнаму крызісу, які пагражае нашай планеце. Сярод іх – дэлегацыя Святога Пасада, якую на саміце ўзначальваў кардынал-Дзяржсакратар Пʼетра Паралін. Намеснік кіраўніка ватыканскай дэлегацыі – апостальскі нунцый у Бразіліі, арцыбіскуп Джамбатыста Дзікватра.

Акрамя непасрэднага ўдзелу ў дыскусіях, каталіцкая супольнасць прадставіць у рамках Канферэнцыі праграму “Дайце душу COP30”, якую з 11 па 16 лістапада арганізуе архідыяцэзія Белена. У розных частках мегаполіса пройдуць тэматычныя круглыя сталы, выстаўкі, прэзентацыі, семінары, Імшы і культурныя мерапрыемствы. Праграма ўключае чатыры тэматычныя кірункі: сацыяльны, “адукацыя і здароўе”, “моладзь” і “ўстойлівасць”. Яе мэта – абʼяднаць вернікаў і грамадства ў адказнасці за агульны дом. 12 лістапада Канферэнцыя Біскупаў Бразіліі правядзе прэс-канферэнцыю, пасля якой адбудзецца “Марш мучанікаў агульнага дома” — працэсія, якая пройдзе па гораду ад Калегіума святой Кацярыны Сіенскай да Базілікі Маці Божай з Назарэта.

Арцыбіскуп Альберта Тавэйра Карэа распавёў, што падрыхтоўка да COP30 была праведзена з душой. "Я заўсёды сцвярджаў, што наша адказнасць – укласці душу. Таму што COP — не наш форум, яго арганізуе ААН, але мы павінны з дапамогай суіснавання, слоў, сведчання паказаць, што ключ да ўсяго – не прырода, не вада, не паветра, а людзі. І больш за ўсё на свеце – Езус Хрыстус. Такім чынам, тое, што Касцёл прасоўвае пад назвай "інтэгральная экалогія", дапаможа пераканаць людзей працаваць над пераадоленнем змены клімату, жыць з гэтымі рэаліямі, мець вялікую любоў да прыроды", - адзначыў ён. На думку арцыбіскупа Карэа, асаблівую ролю ва ўсведамленні адказнасці перад агульным домам адыграла энцыкліка Францішка “Laudato si’”, якая сёлета адзначае дзесяцігоддзе.

11 лістапада 2025, 12:57