Экуменічная хартыя: новы этап хрысціянскага адзінства ў Еўропе
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Рада Біскупскіх Канферэнцый Еўропы (CCEE) і Канферэнцыя Еўрапейскіх Цэркваў (КЕК) прадставілі ў Рыме абноўленую Экуменічную хартыю. Подпісы пад дакументам паставілі кіраўнікі асацыяцый – арцыбіскуп Вільнюскі Гінтарас Грушас і праваслаўны архіепіскап Тыятыры і Вялікабрытаніі Нікітаc (Луліяс).
Першапачаткова прынятая ў 2001 годзе, Хартыя была абноўлена з нагоды 1700-годдзя Нікейскага Сабора, каб адлюстраваць новыя рэаліі кантынента. Яна закранае надзённыя патрэбы сучаснага свету, у тым ліку імкненне да міру і згоды, прыняцце мігрантаў і бежанцаў, пільны заклік да аховы стварэння, а таксама паглыбленне адносін з яўрэйскімі і мусульманскімі супольнасцямі.
У дакуменце таксама змешчана хрысціянская рэфлексія наконт этычных аспектаў новых тэхналогій і падкрэсліваецца роля моладзі як актыўнага ўдзельніка і лідара экуменізму.
Старшыня KEK, архіепіскап Нікітаc, падкрэсліў, што ў падзеленай Еўропе хрысціяне павінны “не толькі гаварыць пра адзінства, але і жыць ім”, сумесна абвяшчаючы Евангелле і служачы справе справядлівасці і міру.
Арцыбіскуп Грушас адзначыў, што Хартыя з’яўляецца ў ключавы момант гісторыі. Яна дазваляе Цэрквам “разам адказваць на раны вайны” і быць “знакам надзеі не толькі ў словах, але і ва ўчынках”. Ён таксама звярнуў увагу на важнасць уключэння моладзі ў фарміраванне будучыні.
Абноўленая версія Хартыі была распрацавана ў выніку шырокага і інклюзіўнага працэсу кансультацый з удзелам Цэркваў, каталіцкіх біскупскіх канферэнцый і экуменічных арганізацый з усёй Еўропы і за яе межамі. Хоць яна не мае юрыдычнай ці дактрынальнай сілы, яе моц заключаецца ў маральным і духоўным абавязацельстве хрысціян розных канфесій прыняць і рэалізаваць яе свабодна і з улікам кантэксту.
Падпісанне дакумента адбылося падчас пасяджэння сумеснага камітэта CCEE-KEK (4-6 лістапада 2025 года) на тэму “Плёны Духа: экуменічныя напрамкі для супольнага шляху”, якое завяршылася аўдыенцыяй у Папы Льва XIV.