Іерусалім: камісары Святой Зямлі збіраюцца як пасланнікі міру
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
19 лістапада 2025 года ў Іерусаліме эўхарыстычнай цэлебрацыяй у Вячэрніку пад кіраўніцтвам Кустода Святой Зямлі, брата Франчэска Ельпа, распачаўся V Міжнародны кангрэс Камісараў Святой Зямлі.
Нягледзячы на існуючыя выклікі, Кустодыя прыняла рашэнне правесці гэту сустрэчу, каб даць "моцны і прарочы знак надзеі" для народаў Святой Зямлі і для братоў, якія ўжо два гады жывуць без бачнага кантакту з Паўсюдным Касцёлам праз пілігрымаў.
Францішканскія камісары з усяго свету, якія працуюць на карысць Святой Зямлі, сабраліся ў кляштары святога Збаўцы на тыдзень працы, разважанняў і малітвы. Тэма сёлетняга кангрэса – “Пасланнікі міру – слухаць, падтрымліваць, абвяшчаць Святую Зямлю”.
Як падкрэсліў кустод у сваім лісце-запрашэнні, іерусалімская сустрэча павінна пацвердзіць, што “еднасць мацнейшая за падзелы, а братэрства можа квітнець нават у часы выпрабаванняў”.
Гісторыя кангрэсаў сягае 1969 года, калі камісары ўпершыню сабраліся ў Назарэце. Наступныя сустрэчы праходзілі ў 2006, 2012 і 2018 гадах, кожная з якіх была прысвечана актуальным выклікам і адаптацыі місіі да новых патрэб Касцёла.
Праграма V Кангрэса прадугледжвае насычаныя дні працы да 25 лістапада 2025 года. Першыя два дні будуць прысвечаны слуханню рэальнасці і жыцця Касцёла ў Святой Зямлі. У наступныя дні ўдзельнікі засяродзяцца на формах падтрымкі місіі Кустодыі, наведаюць Бэтлеем, а таксама абмяркуюць спосабы абвяшчэння каштоўнасці святых месцаў у крызісны час.