Кардынал Піцабала: каб дасягнуць міру, трэба пачуць боль іншых
Vatican News
На думку кардынала П’ербатыста Піцабалы, прыняты Саветам Бяспекі ААН амерыканскі мірны план, хоць і недасканалы, застаецца адзіным механізмам, які стрымлівае далейшую эскалацыю і дае мінімальныя перспектывы народу Палесціны. “Мы ведаем, што ХАМАС не мае намеру здаваць зброю. Думаю, што і ў Ізраіля няма жадання цалкам пакідаць Сектар Газа. (...) Трэба настойваць. ЗША – адзіныя, хто разам з арабскімі краінамі і Турцыяй могуць дамагчыся поспеху, таму што добрай волі сёння недастаткова. Неабходна мець смеласць палітычна настойваць на рашэнні, якое паступова прывядзе да больш ясных перспектыў. Але гэта зойме шмат часу і будзе вельмі цяжка”, - сказаў іерарх.
Патрыярх паведаміў, што сітуацыя на месцах застаецца драматычнай, у звычайным жыцці амаль нічога не змянілася: гуманітарная дапамога паступае, але ўсё яшчэ ў недастатковых аб'ёмах у параўнанні з патрэбамі, інфраструктура разбураная, школ няма, шпіталі працуюць часткова, з прыходам зімы перад людзьмі стаяць новыя выклікі.
Кардынал Піцабала звярнуў увагу на пагаршэнне сітуацыі на Заходнім беразе, дзе з кожным днём узрастае гвалт з боку ізраільскіх пасяленцаў і назіраецца поўная адсутнасць павагі да закона і правоў чалавека. Многія палесцінскія вёскі, у тым ліку хрысціянскія, жывуць у стане поўнай бездапаможнасці. Людзі не ведаюць, да каго звяртацца ў пошуку абароны і справядлівасці. Многія краіны прызналі Палесціну як дзяржаву, што сімвалічна, але недастаткова. Нельга весці гаворку пра палітычны працэс, калі ўвесь час адбываюцца гэтыя агрэсіўныя напады, - лічыць іерарх.
Патрыярх Іерусаліма зноў звярнуўся з заклікам да пілігрымаў вяртацца ў Святую Зямлю, каб падтрымаць мясцовыя супольнасці не толькі эканамічна, але і сваёй прысутнасці. Ён адзначыў, што пасля спынення агню пілігрымкі на Зямлю Езуса, у Бэтлеем, Іерусалім, сталі зноў магчымымі і бяспечнымі.
Разважаючы пра ролю рэлігій, кардынал Піцабала заклікаў духоўных лідараў – яўрэяў, мусульман і хрысціян – аднавіць міжрэлігійны дыялог. Каб дасягнуць міру, трэба аднавіць здольнасць адчуць чужы боль, - лічыць іерарх.“Вікцімнасць – адна з нашых праблем: кожны адчувае сябе ахвярай, абвінавачвае іншага. Мы павінны выйсці з гэтай перспектывы. Узяць на сябе абавязацельства. Рэчы не мяняюцца самі па сабе, яны мяняюцца, калі хтосьці пракладае шлях. Мы павінны адкрыць гэтую дарогу. Гэта будзе цяжка, але мы павінны гэта зрабіць. Задача рэлігійнага лідара менавіта ў гэтым. Нельга глядзець на Бога і адмаўляць існаванне іншага, але мы гэта зрабілі”, - сказаў Лацінскі Патрыярх Іерусаліма.