Пошук

Саграда Фамілія: першы элемент крыжа усталяваны на вежы Хрыста

3 лістапада 2025 года на вежы Езуса Хрыста базілікі Саграда Фамілія ў Барселоне быў змешчаны першы элемент крыжа. Падзея азнаменавала пачатак заключнага этапу будаўніцтва цэнтральнай вежы сабора.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Як паведамілі прэс-служба базілікі, дзякуючы ўсталяванню ніжняга элемента крыжа вежа Хрыста дасягнула 162,91 метра ў вышыню. Ніжняя частка крыжа мае вышыню 7,25 метра і важыць 24 тоны. Чатыры панэлі, з якіх яна складаецца, прыбылі ў Барселону ў ліпені 2025 года, а затым былі размешчаны на платформе на вышыні 54 метры над цэнтральным нефам. Там былі праведзены зборачныя работы, устаноўлена шкляное пакрыццё і завершаны ўнутраныя работы, у тым ліку ўстаноўка каменных элементаў.

Ніжні элемент крыжа мае падвойную вітую геаметрыю: у яго аснове – квадрат, які паступова ў верхняй частцы пераходзіць у васьмікутнік. Знешне ён абліцаваны белай глазураванай керамікай і шклом. Гэтыя матэрыялы былі абраныя з-за іх яркасць і стойкасці да атмасферных з'яў. Пасля завяршэння будаўніцтва крыж дасягне 17-метровай вышыні, што параўнальна да пяціпавярховага будынка, і 13,5 метраў у шырыню.

Усталяванне ніжняга элемента крыжа з'яўляецца важным этапам у завяршэнні будаўніцтва вежы Езуса Хрыста, самай высокай вежы базілікі. Яе завяршэнне стане гістарычным момантам у будаўніцтве храма і данінай павагі архітэктару Антоніа Гаўдзі ў сотую гадавіну яго смерці, якая будзе адзначацца ў 2026 годзе. З гэтай нагоды запланаваны шэраг памятных мерапрыемстваў, з раскладам якіх можна азнаёміцца на сайце sagradafamilia2026.org .

04 лістапада 2025, 11:36