Каталіцкія іерархі ЗША вітаюць першую энцыкліку Льва XIV
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Дакумент "Magnifica Humanitas" Льва XIV, апублікаваны 25 мая 2026 года, абапіраецца на сацыяльнае вучэнне Касцёла як на падмурак для развіцця сучасных тэхналогій.
Па словах арцыбіскупа Пола Коклі, старшыні епіскапату Злучаных Штатаў, гэтая праца стала "магутным напамінам аб тым, што ніводная тэхналогія не можа замяніць дзіця Божае".
Арцыбіскуп Аклахома-Сіці падкрэсліў, што любы тэхналагічны прагрэс павінен быць скіраваны на службу чалавеку, дапамагаючы яму квітнець. Гэтыя думкі іерарх выказаў адразу пасля афіцыйнага выхаду энцыклікі "Magnifica Humanitas", якую ў Касцёле чакалі з вялікай цікавасцю.
Арцыбіскуп Нэлсан Перэс заўважыў, што вучэнне Святога Айца "адказвае на надзённую патрэбу і ўносіць яснасць у заблытаны ландшафт". Пастыр Філадэльфійскай архідыяцэзіі дадаў, што Леў XIV з крыштальнай празрыстасцю сцвярджае: святасць чалавечага жыцця павінна заставацца першараднай, пакуль сістэмы штучнага інтэлекту інтэгруюцца ва ўсе сферы нашай існасці. Хоць тэхналогіі прыносяць карысць медыцыне, адукацыі і евангелізацыі, яны тояць у сабе значныя маральныя пасткі, якія патрабуюць глыбокага асэнсавання.
Біскуп Майкл Марцін з Шарлота правёў паралель паміж сённяшнім днём і часам індустрыяльнай рэвалюцыі, на якую ў 1891 годзе адрэагаваў Папа Леў XIII у энцыкліцы "Rerum Novarum". Паводле яго слоў, Касцёл і тады, і цяпер гатовы прапанаваць надзейныя арыенціры. Гэта не аплакванне прагрэсу, а заклік да чалавецтва "жыць у сваім найлепшым выяўленні дзеля агульнага дабра, ніколі не ігнаруючы важнасць асобы".