Пошук

Леў XIV і кардынал Жан-Марк Авелін Леў XIV і кардынал Жан-Марк Авелін  (@Vatican Media)

Кардынал Авелін: Папа прапануе нам “дарожную мапу” на наступныя гады

Старшыня французскага епіскапату пракаментаваў навіну пра запланаванае на 25-28 верасня 2026 года апостальскае падарожжа Льва XIV у Францыю. Касцёл спадзяваўся на гэты візіт яшчэ з моманту абрання Папы і ўспрымае яго як знак асаблівай увагі.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Французскі Касцёл успрыняў як “вялікую радасцю” абвяшчэнне падарожжа, якое стане першым афіцыйным дзяржаўным візітам Папы ў гэтую краіну за апошнія 18 гадоў. Пра гэта арцыбіскуп Марселя і старшыня Канферэнцыі Біскупаў Францыі распавёў у інтэрв’ю Жан-Шарлю Пуцалу з французскай рэдакцыі "Vatican News".

Па словах кардынала Авеліна, магчымасць візіту ў Францыю абмяркоўвалася і чакалася яшчэ з моманту абрання Папы. Ён адзначыў, што Леў XIV неаднаразова праяўляў асаблівую ўвагу да французскага Касцёла, падтрымліваючы духавенства і накіроўваючы невялікія пасланні з нагоды розных падзей.

Кардынал Авелін падкрэсліў, што ў Францыі Папу з нецярпеннем чакаюць як вернікі, так і духоўныя супольнасці, асабліва на фоне складанай, але дынамічнай сітуацыі ў Касцёле. Ён звярнуў увагу на рост колькасці катэхуменаў, узмацненне цікавасці да пілігрымак, узрастаючую важнасць марыйных санктуарыяў і рост колькасці маладых людзей, якія адкрываюць для сябе хрысціянскую веру і прымаюць сакрамэнты хросту і канфірмацыі. Адначасова ён закрануў і больш далікатныя пытанні: старэнне сельскіх супольнасцяў і неабходнасць далейшай працы над наступствамі крызісу злоўжыванняў у Касцёле. На думку арцыбіскупа Марселя, Леў XIV прыедзе, каб выслухаць мясцовы Касцёл, падбадзёрыць яго і прапанаваць “дарожную мапу” на наступныя гады.

Іерарх паведаміў, што праграма візіту прадугледжвае прыпынкі ў Парыжы і Лурдзе, наведванне штаб-кватэры ЮНЕСКА. Магчыма, будуць праведзеныя і іншыя мерапрыемствы. Тэмы адукацыі, сувязі веры і навукі, а таксама сацыяльнага вучэння Касцёла будуць цэнтральнымі на гэтым этапе візіту. Кардынал Авелін нагадаў, што Касцёл у Францыі ўжо распачаў трохгадовы працэс разважанняў над тэмай адукацыі і імкнецца да дыялогу з іншымі ўдзельнікамі адукацыйнай сферы, не абавязкова хрысціянамі.

Старшыня французскага епіскапату падкрэсліў, што сучасная Еўропа, якая перажывае неспакойны перыяд фрагментацыі і войнаў, мае таксама гістарычны досвед прымірэння. Пасля катастроф XX стагоддзя ён прывёў да будаўніцтва еўрапейскага эканамічнага і палітычнага праекта дзякуючы такім хрысціянскім палітыкам, як Альчыдэ дэ Гасперы, Конрад Адэнаўэр і Роберт Шуман. У сённяшнім кантэксце неабходна працаваць дзеля міру і абапірацца на гэты вельмі значны еўрапейскі вопыт, - лічыць кардынал Авелін.

17 мая 2026, 11:50