Пошук

Кардынал Франчэска Мантэнэгра Кардынал Франчэска Мантэнэгра  

Кардынал Франчэска Мантэнэгра адзначае 80-годдзе

Кардынал Франчэска Мантэнэгра 22 мая 2026 года адзначае 80 гадоў. З гэтага дня ён губляе права ўдзелу ў канклаве, а колькасць кардыналаў-выбаршчыкаў скарачаецца да 117.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Франчэска Мантэнэгра нарадзіўся ў Месіне 22 мая 1946 года, а святарскае пасвячэнне прыняў там жа 8 жніўня 1969 года. Пасля навучання ў галіне душпастырскай тэалогіі ён пачаў служэнне на ўскраінах горада. Пазней ён выконваў розныя адказныя функцыі ў Месіне, у тым ліку ў дыяцэзіяльным "Caritas" і ў парафіі святога Клемента.

У 2000 годзе папа Ян Павел II прызначыў яго дапаможным біскупам дыяцэзіі Месіна-Ліпары-Санта-Лючыя-дэль-Мела. Ён выбраў дэвіз “Caritas sine modo” – “Любоў без меры”.

У 2008 годзе Бэнэдыкт XVI прызначыў яго арцыбіскупам-мітрапалітам Аджэнта. Асаблівую вядомасць Мантэнэгра атрымаў дзякуючы служэнню мігрантам. Ён неаднаразова называў іх "сакрамэнтам прысутнасці Бога сярод людзей". У 2013 годзе ён узначаліў Камісію Канферэнцыі Біскупаў Італіі па справах міграцыі і Фонд "Migrantes".

Адной з найважнейшых падзей у яго жыцці стала сустрэча з Папам Францішкам на Лампедузе 8 ліпеня 2013 года. У 2015 годзе той жа Пантыфік уключыў яго ў Калегію кардыналаў. У 2025 годзе ўдзельнічаў у канклаве, які абраў Льва XIV.

На 22 мая 2026 года ў Калегію кардыналаў будуць уваходзіць 242 іераха, 117 з іх – з правам голасу на магчымым канклаве.
 

21 мая 2026, 11:40