Пошук

Вьетнамскія біскупы падчас сустрэчы з Львом XIV у рамках візіту “ad limina Apostolorum” Вьетнамскія біскупы падчас сустрэчы з Львом XIV у рамках візіту “ad limina Apostolorum”   (@VATICAN MEDIA)

Католікі В'етнама чакаюць Льва XIV у сябе

В'етнамскія католікі спадзяюцца на гістарычны візіт Папы. Пра гэта ішла гаворка падчас святкавання першай гадавіны пантыфікату Льва XIV, якое прайшло ў атмасферы еднасці.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Галоўныя ўрачыстасці з нагоды гадавіны абрання Наступніка Пятра прайшлі ў Ханоі. У мясцовай катэдры Святога Юзафа вернікі і іерархі сабраліся, каб маліцца за місію Папы, а таксама за мір і еднасць ва ўсім свеце.

Літургію ўзначаліў арцыбіскуп Марэк Залеўскі, пастаянны прадстаўнік Апостальскай Сталіцы ў В'етнаме. Сярод канцэлебрантаў былі кардынал П'ер Нгуен Ван Нён, чальцы Пастаяннай рады епіскапату, а таксама шматлікія святары і манахі.

Арцыбіскуп Ханоя Джозэф Ву Ван Тхіен у размове з агенцтвам "Fides" падзяліўся ўражаннямі ад нядаўняга візіту в'етнамскіх біскупаў “ad limina Apostolorum” у Ватыкан. Ён адзначыў, што сустрэча з Пантыфікам была надзвычай цёплай. Паводле яго слоў, іерархі адчувалі сябе як дома, а Папа шчыра выслухаў кожнага з іх.

Старшыня епіскапату В'етнама арцыбіскуп Джозэф Нгуен Нанг перад пачаткам літургіі нагадаў пра сутнасць папскага служэння. Ён падкрэсліў, што місія Пантыфіка заключаецца ва ўмацаванні веры і садзейнічанні міру, абапіраючыся на сілу Евангелля. Звяртаючыся да спадчыны Паўла VI, іерарх адзначыў, што хрысціяне прысутнічаюць у свеце не дзеля ўлады, а для пакорнага служэння чалавецтву.

Прадстаўнік Папы арцыбіскуп Марэк Залеўскі звярнуў увагу на душпастырскі стыль Льва XIV, які грунтуецца на слуханні і блізкасці да людзей. У сваю чаргу біскуп Джозэф До Куанг Кханг падчас гаміліі адкрыў важную дэталь: падчас сустрэчы ў Ватыкане Леў XIV сам выказаў жаданне наведаць В'етнам.

Сёння ў краіне налічваецца больш за 7 мільёнаў католікаў, якія з нецярпеннем чакаюць прыезду Святога Айца.
 

11 мая 2026, 09:14