Леў XIV сустрэўся з біскупамі Мазамбіка
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Старшыня Канферэнцыі біскупаў Мазамбіка біскуп Нампулы Інасіу Саурэ, арцыбіскуп Мапуту Жуан Карлас і арцыбіскуп-эмерыт Бейры Клаўдыё Дала Дзуана сустрэліся з Папам і прадстаўнікамі розных устаноў Святога Пасаду. Візіт адбыўся праз месяц пасля забойства сакратара мясцовага епіскапату, біскупа дыяцэзіі Келіманэ Асорыу Сітора Афонсу. Трагедыя адбылася 6 чэрвеня 2026 года ў рэзідэнцыі іерарха.
У інтэрв’ю “Vatican News” біскупы адзначылі, што Папа Леў XIV добра знаёмы з сітуацыяй у Мазамбіку і выказаў ім сваю падтрымку. Біскуп Інасіу Саурэ выказаў шкадаванне з нагоды таго, што да гэтага часу не апублікавана афіцыйная версія падзей.
“На дадзены момант вядома толькі, што біскуп быў забіты стрэламі з агнястрэльнай зброі – не з простага пісталета, а са зброі вялікага калібру, якая выкарыстоўваецца ў ваенных мэтах. Пасля забойства быў арыштаваны канцлер дыяцэзіі, блізкі супрацоўнік біскупа. Пазней затрымалі таксама іншага святара, айца Сэлсу. Акрамя таго, былі канфіскаваныя мабільныя тэлефоны біскупа Асорыу і біскупа Эстэвана Анжэлу Фернанду, які быў прызначаны апостальскім адміністратарам дыяцэзіі Келіманэ”, - распавёў іерарх.
Старшыня епіскапату адзначыў, што справай займаецца Нацыянальная служба крымінальных расследаванняў. Аднак праз месяц пасля трагедыі галоўныя пытанні застаюцца без адказу: хто забіў біскупа Асорыу, хто стаяў за гэтым злачынствам і якія былі яго матывы?
Іерархі таксама адзначылі, што ў апошнія дні ў сродках масавай інфармацыі і сацыяльных сетках распаўсюджваюцца чуткі і непацверджаныя звесткі, быццам забойства звязана выключна з унутранымі праблемамі ў кіраванні Касцёлам.
Смерць біскупа Асорыу выклікала глыбокі боль ва ўсім народзе, які працягвае задавацца пытаннем: “Як магло стацца, што пастыра забілі ва ўласным доме?” - сказаў арцыбіскуп Жуан Карлас, падкрэсліўшы, што ўсе чакаюць ад Касцёла слова надзеі. Іерарх таксама адзначыў, што ў Мазамбіку часта здараецца так, што, пакуль расследаванне яшчэ працягваецца, некаторыя сродкі масавай інфармацыі пачынаюць распаўсюджваць беспадстаўныя здагадкі і версіі, што перашкаджае аб’ектыўнаму і спакойнаму пошуку праўды.
Біскупы звярнулі ўвагу таксама на складаны кантэкст у Мазамбіку, пазначаны гвалтам, спробамі багатых людзей уплываць на Касцёл і забойствамі важных асоб, якія нярэдка застаюцца нераскрытымі.