Пошук

Імша падчас кансісторыя 26-27 чэрвеня 2026 года ў Ватыкане Імша падчас кансісторыя 26-27 чэрвеня 2026 года ў Ватыкане  (@Vatican Media)

Кардынал Сако падзяліўся думкамі пра апошні кансісторый

Кардынал Луіс Рафаэль Сако падзяліўся думкамі пра нядаўні кансісторый, які прайшоў 26-27 чэрвеня 2026 года ў Ватыкане. Ён заклікаў да рэформаў і сумеснай працы сусветных рэлігій дзеля дасягнення міру.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Іракскі іерарх высока ацаніў сустрэчу ў Ватыкане. Ён назваў мінулы кансісторый "новым досведам" і важнай прасторай для абмену думкамі ў Касцёле.

У каментары для італьянскага каталіцкага агенцтва “SIR” Сако падкрэсліў, што дыскусіі 178 кардыналаў выявілі патрэбу ў больш канкрэтных адказах на сучасныя выклікі. Яны датычылі ваенных канфліктаў, міру, супольнага дабра і рэалізацыі сінадальнага шляху. Зараз вельмі важна, каб выпрацаваныя прапановы былі рэалізаваны Святым Пасадам.

На думку кардынала, кансісторый ярка прадэманстраваў дух сінадальнасці, уласцівы традыцыі Усходніх Цэркваў, дзе рашэнні прымаюцца супольна праз сінод. Менавіта таму ён звярнуў увагу на неабходнасць абнаўлення касцельнай мовы. Іерарх перакананы, што яна павінна быць зразумелай нават для няверуючых і адкрытай для шчырага дыялогу са светам.

Сучасныя выклікі, такія як войны, міграцыя, карупцыя і ўплыў лічбавых медыя, не дазваляюць Касцёлу заставацца ў ізаляцыі. Кардынал заклікаў да інтэнсіўнага міжрэлігійнага дыялогу, асабліва з ісламам, дзеля сумеснага асуджэння гвалту і інструменталізацыі веры.

Колькасць хрысціян у Іраку і Сірыі сістэматычна змяншаецца, што патрабуе неадкладных дзеянняў. Кардынал Сако бачыць выйсце ў падтрымцы мадэлей свецкіх дзяржаў, здольных гарантаваць роўныя правы для ўсіх грамадзян.

Іерарх заклікаў да "рэалістычнай і практычнай рэформы Касцёла", нагадваючы, што Традыцыя – гэта жывая рэчаіснасць. Яе трэба асэнсоўваць у сучасным кантэксце, пазбягаючы ператварэння рэлігіі ў палітычную ідэалогію.

Напрыканцы інтэрв’ю Патрыярх выказаў перакананне, што мір на зямлі наўпрост залежыць ад стварэння трывалага форуму для міжрэлігійных зносін.
 

04 ліпеня 2026, 11:19