Пошук

Анёл Панскі: заўважаць знакі Божай любові ў жыцці

Паспрабуем сёння заглыбіцца ва ўспаміны, каб адшукаць “знакі”, якія Пан учыніў у нашым жыцці, - заклікаў Пантыфік перад малітвай Анёл Панскі, якая 16 студзеня 2022 года прайшла ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Папа пракаментаваў літургічны евангельскі ўрывак пра тое, як Езус перамяніў ваду ў віну падчас вяселля ў Кане. Ён звярнуў увагу на тое, што гэта гісторыя завяршаецца падсумаваннем святога Яна: “Такі пачатак знакаў учыніў Езус у Кане Галілейскай і паказаў славу сваю, і паверылі ў Яго вучні Ягоныя” (Ян 2,11).

Францішак зазначыў, што евангеліст Ян кажа не пра цуд, магутны і надзвычайны жэст, які выклікае захапленне, а менавіта пра знак, які абудзіў веру вучняў. Гаворка ідзе пра тое, дзякуючы чаму стала бачнай любоў Бога, заўсёды блізкага, пяшчотнага і спагадлівага.

“Першы знак быў учынены ў той час, калі пара маладажонаў апынулася ў складанай сітуацыі ў самы важны дзень іх жыцця. У самы разгар свята закончыўся такі істотны элемент як віно і радасць рызыкавала згаснуць паміж крытыкай і незадаволенасцю запрошаных”, - сказаў Святы Айцец.

Папа нагадаў, што “праблему першай заўважыла Багародзіца, якая далікатна звярнула ўвагу Езуса на яе”, а Хрыстус умяшаўся ў справу “не ствараючы шуму, амаль непрыкметна”. Усё адбылося патаемна, нібыта “за кадрам”: Езус сказаў слугам напоўніць збаны вадою, якая стала віном.

“Так дзейнічае Бог – з блізкасцю і непрыкметнасцю. І вучні Езуса зразумелі гэта: яны ўбачылі, што дзякуючы Яму вяселле стала яшчэ прыгажэйшым. І ўбачылі таксама як дзейнічае Езус, убачылі гэтае Яго служэнне, якое было настолькі непрыкметным, што нават пахвалу за добрае віно атрымаў жаніх. Так у іх пачаў узрастаць парастак веры: яны паверылі, што ў Езусе прысутны Бог, любоў Бога”, - сказаў Пантыфік.

“Як цудоўна задумацца пра тое, што першы знак, які ўчыніў Езус, не быў надзвычайным аздараўленнем ці цудам у Ерузалемскай святыні, але выйсцем насустрач простай і канкрэтнай праблеме звычайных людзей... Ён гатовы дапамагчы і нам, узняць нас. І тады, калі будзем уважлівымі да гэтых знакаў, нас заваюе Яго любоў і станем Яго вучнямі”, - запэўніў Святы Айцец.

Папа зазначыў, што ёсць і яшчэ адна адметная рыса знаку, учыненага ў Кане. Ён патлумачыў, што звычайна віно, якое падавалі напрыканцы свята, было менш добрым, было разбаўленым. “Езус, аднак, зрабіў так, каб свята завяршылася найлепшым віном. Гэта сімвалічным чынам кажа нам пра тое, што Бог жадае лепшага для нас, хоча, каб мы былі шчаслівыя”, - сказаў Пантыфік, падкрэсліваючы, што “радасць, якую Езус пакідае ў сэрцы – поўная і бескарыслівая” і ніколі не бывае “разбаўленай”.

“У сувязі з гэтым я хацеў бы параіць вам практыкаванне, якое можа быць вельмі карысным. Паспрабуем сёння заглыбіцца ва ўспаміны, шукаючы “знакі”, якія Пан учыніў у нашым жыцці (...), каб паказаць, што любіць нас”, - сказаў Папа, заклікаючы вернікаў узгадаць таксама і пра складаныя жыццёвыя моманты, у якіх Бог даў адчуць сваю любоў.

“І спытаемся ў сябе: праз якія знакі, непрыкметныя і клапатлівыя, Бог даў мне адчуць сваю пяшчоту? (...) Давайце зноў перажывём тыя моманты, калі адчулі Яго прысутнасць і заступніцтва Марыі. Няхай Яна, Маці, якая заўсёды ўважлівая, як у Кане, дапаможа нам цаніць Божыя знакі ў нашым жыцці”, - пажадаў Пантыфік на завяршэнне свайго разважання.
 

16 студзеня 2022, 12:53

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >