Пошук

Папа: Божае Нараджэнне – не сентыментальнае спажывецкае свята

У Бога ёсць свой “стыль”: Ён не бярэ нас сілай, не навязвае нам сваю праўду і справядлівасць, Ён хоча прыцягнуць нас да сябе з любоўю, з пяшчотай”, - заўважыў Папа падчас агульнай аўдыенцыі 28 снежня 2022 года.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У сваёй катэхезе Францішак спаслаўся на прыклад святога Францішка Сальскага, біскупа і Доктара Касцёла, у 400-годдзе з дня яго смерці. Ён анансаваў свой апостальскі ліст Totum amoris est, прысвечаны гэтай гадавіне.

Цытуючы словы, змешчаныя ў адным з лістоў да святой Францішкі дэ Шанталь, Папа падкрэсліў убоства Сына Божага, які збаўляе нас, стаўшы чалавекам, пазбавіўшы сябе славы і прынізіўшы сябе. Гэтую таямніцу мы бачым у Дзіцяці, якое ляжыць у яслях. Ён адзначыў, што гэты знак дэманструе “стыль” Бога, “якім з’яўляецца блізкасць, спачуванне і пяшчота”.

“Праз гэты свой стыль Бог прыцягвае нас да Сябе. Ён не бярэ нас сілай, не навязвае нам сваю праўду і справядлівасць. Ён хоча прыцягнуць нас да сябе з любоўю, з пяшчотай”, - звярнуў увагу Пантыфік. Ён дадаў, што гаворка ідзе пра любоў не пасіянарную і эгаістычную, але пра чысты дар, чыстую ласку.

Святы Айцец звярнуў увагу на тое, што ў яслях мы бачым убоства, якое разумеецца як адрачэнне ад усякай свецкай марнасці. Ён перасцярог ад звядзення Божага Нараджэння да сентыментальнага спажывецкага свята. “Безумоўна, Божае Нараджэнне – гэта радасць і свята, але ў прастаце і строгасці”, - адзначыў ён.

Папа працытаваў святога Францішка Сальскага, які рэкамендаваў сёстрам з Ордэна Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі нічога не жадаць і нічым не пагарджаць, прымаючы ўсё, што пасылае Бог. “Але будзем асцярожныя! Заўсёды і выключна з любові, таму што Бог нас любіць і заўсёды жадае для нас толькі дабра”, - зрабіў рэмарку Францішак.
 

28 снежня 2022, 10:07

Мінулая аўдыенцыя

Чытаць усё >