Пошук

Францішак: распазнанне – гэта мастацтва, якое мае свае правілы

Бэнэдыкт XVI заўсёды хацеў суправаджаць нас у нашай сустрэчы з Езусам, - адзначыў 4 студзеня 2023 года падчас агульнай аўдыенцыі Францішак. Святы Айцец завяршыў серыю катэхез аб распазнанні.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

На пачатку Папа аддаў пашану Бэнэдыкту XVI. “Езус, Уваскрослы і Укрыжаваны, Жывы і Пан, – гэта была мэта, да якой вёў нас Папа Бэнэдыкт, трымаючы за руку. Няхай дапаможа нам нанова адкрыць у Хрысце радасць веры і надзею жыцця”, - сказаў ён.

Гаворачы аб духоўным суправаджэнні, Францішак адзначыў, што яно важна перш за ўсё для самапазнання, якое з’яўляецца неабходнай умовай для распазнання. Ён падкрэсліў важнасць досведу крохкасці, які чалавек павінен навучыцца паважаць і прымаць, бо ахвяраваны Богу, ён робіць нас здольнымі да пяшчоты, міласэрнасці і любові. Бог, каб зрабіць нас падобнымі да сябе, хацеў да канца падзяліць нашу слабасць.

Папа адзначыў, што духоўнае суправаджэнне дапамагае выкрыць сур’ёзныя непаразуменні ў нашым успрыманні сябе і ў адносінах з Богам. “Людзі, якія перажываюць рэальную сустрэчу з Езусам, не баяцца адкрыць перад Ім свае сэрцы, прадставіць сваю бездапаможнасць і недастатковасць. Такім чынам, іх дзяленне сабой становіцца вопытам збаўлення, дарам атрыманага прабачэння”, - звярнуў увагу ён.

Пантыфік дадаў, што шчырая размова з іншым чалавекам пра тое, што мы перажылі або чаго шукаем, дапамагае перш за ўсё атрымаць яснасць для саміх сябе, выносячы на святло многія думкі, якія знаходзяцца ўнутры нас і якія часта трывожаць нас сваімі настойлівымі рэфрэнамі.

Святы Айцец звярнуў увагу на тое, што чалавек, які аказвае духоўнае суправаджэнне, не замяняе сабой Бога, не працуе замест чалавека, якога суправаджае, але ідзе побач з ім, заахвочвае яго чытаць тое, што выклікае хваляванне ў яго сэрцы, а гэта месца дзе Пан гаворыць у поўнай меры. Ён падкрэсліў эклезіяльнае вымярэнне такога служэння.

Паводле Пантыфіка, менавіта Дзева Марыя з’яўляецца настаўніцай распазнання; яна вучыць нас быць такімі, якімі хоча нас бачыць Езус. “Распазнанне – гэта мастацтва, мастацтва, якому можна навучыцца і якое мае свае правілы. Калі яго добра засвоіць, гэта дазволіць вам перажываць свой духоўны вопыт усё больш і больш дасканала і ўпарадкавана. Перш за ўсё, распазнанне – гэта дар ад Бога, аб якім мы павінны заўсёды прасіць, ніколі не лічачы сябе экспертамі або самадастатковымі”, - заўважыў Францішак.

“Божы голас заўсёды можна пазнаць, ён мае свой непаўторны стыль, гэта голас, які супакойвае, падтрымлівае і падбадзёрвае ў цяжкасцях”, - сказаў на заканчэнне сваёй катэхезы Святы Айцец.

Агульную аўдыенцыю ён завяршыў просьбай аб малітве за ўкраінскі народ. “Заклікаю ўсіх верна трываць у сардэчнай і салідарнай блізкасці з украінскім народам, які так пакутуе. Памолімся за дар міру для яго. Будзем нястомна маліцца. Украінскі народ пакутуе. Пакутуюць украінскія дзеці. Памолімся за іх”, - звярнуўся да вернікаў Францішак.

 

04 студзеня 2023, 10:35

Мінулая аўдыенцыя

Чытаць усё >