Пошук

Пантыфік: мы адказныя за кірунак, які даем нашаму абурэнню

Хрысціяне павінны з дапамогай Святога Духа знаходзіць слушную меру сваім эмоцыям – выхоўваць іх так, каб яны скіроўваліся да дабра, - заўважыў Папа падчас агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 31 студзеня 2024 года ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Францішак прысвяціў сваю катэхезу гневу, падкрэсліваючы, што гэта “асабліва змрочная загана”, распазнаць якую лягчэй за іншыя: яна пазнаецца па рухах цела чалавека, яго агрэсіўных паводзінах, цяжкім дыханні, па злосным і панурым позірку.

“У сваім самым вострым выразе гнеў, гэта загана, якая не дае адпачынку. Калі яна ўзнікае ў выніку спазнанай несправядлівасці (альбо таго, што разумеецца як несправядлівасць), часта яна зрываецца не супраць крыўдзіцеля, але супраць першага, хто трапіцца пад руку. Ёсць людзі, якія стрымліваюць гнеў на працы, робяць выгляд спакойных і сабраных людзей, але, апынуўшыся дома, становяцца нязноснымі для жонкі і дзяцей”, - сказаў Папа, дадаючы, што гнеў – нястрымная загана, якая можа пазбавіць сну, прымушаючы чалавека бясконца пракручваць думкі ў галаве.

Францішак нагадаў, што гнеў знішчае чалавечыя адносіны. Гэта загана выяўляе “няздольнасць прымаць адметнасць іншага, асабліва калі яго жыццёвыя рашэнні не супадаюць з нашымі”. Яна прыводзіць да таго, што раздражняць пачынаюць не толькі памылкі бліжняга, але ўсё ў ім – тон яго голасу, простыя паўсядзённыя жэсты, лад мыслення і пачуццяў.

Святы Айцец папярэдзіў, што калі адносіны дасягаюць такога ўзроўню дэградацыі, чалавек губляе яснасць розуму. Акрамя таго, гнеў можа не прамінаць з часам, а адлегласць і маўчанне, замест таго, каб аблегчыць цяжар непаразумення, толькі павялічваюць яго, - патлумачыў Францішак, дадаючы, што менавіта па гэтай прычыне святы Павел раіў хрысціянам вырашаць праблему і рабіць спробы прымірэння неадкладна. Ён нагадаў словы апостала: “Няхай сонца не заходзіць у гневе вашым” (Эф 4,26).

“Важна ўсё вырашыць адразу, да заходу сонца. Калі днём можа ўзнікнуць нейкае непаразуменне, і два чалавекі перастануць разумець адзін аднаго, раптам успрымаючы сябе далёкімі, не варта аддаваць ноч д’яблу”, - заклікаў Святы Айцец, папярэджваючы, што ў такім выпадку загана гневу не будзе дазваляць заснуць, будзе прымушаць няспынна пракручваць у галаве свае аргументы і вызначаць памылкі, якія “ніколі не бываюць нашымі, а заўсёды належаць іншым”.

Пантыфік згадаў, што ў малітве Ойча наш Езус заахвочвае маліцца за нашы чалавечыя адносіны, якія ўяўляюць сабой “міннае поле”. Ён падкрэсліў, што ў жыцці нам даводзіцца мець справу з нашымі “даўжнікамі”, але і мы “не заўсёды любілі ўсіх у належнай меры”. “Мы ўсе грэшнікі, усе з непагашанымі запазычанасцямі, не будзем забываць пра гэта, і таму ўсім нам трэба навучыцца прабачаць, каб атрымаць прабачэнне. Людзям цяжка быць разам, калі яны не практыкуюць мастацтва прабачэння настолькі, наколькі гэта магчыма па-чалавечы. Гневу супрацьстаяць добразычлівасць, адкрытасць сэрца, лагоднасць, цярплівасць”, - сказаў Папа.

Святы Айцец заўважыў, што хаця гэтая “жудасная загана” і называецца “крыніцай войнаў і насілля”, не ўсё, што можа нарадзіцца з гневу, з’яўляецца памылковым. “Мы не нясём адказнасці за гнеў, калі ён узнікае, але мы заўсёды нясём адказнасць за тое, як ён развіваецца. І часам добра, калі гнеў выліваецца правільным чынам. Калі чалавек ніколі не злуецца, калі яго не абурае несправядлівасць, калі ён не адчувае, як нешта дрыжыць у ягоным нутры перад абліччам прыгнёту слабейшага, то яго цяжка назваць чалавекам, а тым больш хрысціянінам”, - растлумачыў Францішак.

Папа ўказаў на прыклад Езуса Хрыста, які паказаў, што існуе таксама “святое абурэнне”. “Езус ніколі не адказваў злом за зло, але ў душы спазнаў гэта пачуцце і ў выпадку з гандлярамі ў святыні ён здзейсніў моцны і прароцкі ўчынак, прадыктаваны не гневам, а руплівасцю пра Божы дом”, - сказаў Пантыфік, падкрэсліваючы, што хрысціяне павінны з дапамогай Святога Духа знаходзіць слушную меру сваім эмоцыям – выхоўваць іх так, каб яны скіроўваліся да дабра.
 

31 студзеня 2024, 10:56

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >