Пошук

Папа: святы Юзаф вучыць бачыць Божыя мары і прымаць Хрыста

Святы Юзаф – чалавек, паслухмяны голасу Бога, які не дазваляў інстынктам і страхам узяць верх над сабой і дапамог споўніць мары Пана, не кідаючы слоў на вецер, - нагадаў Папа.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Падчас агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 29 студзеня 2025 года ў ватыканскай Зале Паўла VI, Францішак працягнуў катэхетычны цыкл аб Езусе Хрысце, нашай надзеі, прапанаваўшы засяродзіць увагу на постаці абранніка Панны Марыі і зямнога бацькі Езуса.

Святы Юзаф “прыняў на сябе законнае бацькоўства над Езусам, прывіўшы Яго да ствала Есэя і звязаўшы Яго з абяцаннем, дадзеным Давіду”, - падкрэсліў Папа.

Не паддаваўся інстынктам і страхам

Пантыфік адзначыў, што Юзаф з’явіўся на сцэне гісторыі збаўлення ў ролі заручанага Марыі. Але ў той час, калі яны рыхтаваліся да сужэнства, ён даведаўся пра цяжарнасць сваёй нявесты, і яго любоў падвяргнулася сур’ёзнаму выпрабаванню.

Папа нагадаў, што, згодна з тагачаснымі законамі, існавалі два спосабы разарвання заручын: першы – публічны юрыдычны акт, які прадугледжваў выкліканне жанчыны ў суд, а другі – ліст з адмовай, які можна было ўручыць жанчыне ў прыватным парадку.

Юзаф, будучы “справядлівым” чалавекам, які жыў паводле Закону Пана, вырашыў дзейнічаць разважліва: ён не дазволіў ахапіць сябе інстынктыўным пачуццям і страху і, кіруючыся Божай мудрасцю, вырашыў расстацца з Марыяй без шуму. “І гэта тая мудрасць, якая дазволіла яму не зрабіць памылак і быць адкрытым і паслухмяным да голасу Пана”, - пракаментаваў Святы Айцец.

Давяраў Богу і не прасіў дадатковых доказаў

Францішак нагадаў, што Юзаф быў вельмі ўважлівым да Божых жаданняў, якія здолеў распазнаць нават у сне, з якога даведаўся пра цуд, які Бог здзяйсняе ў жыцці Марыі, а таксама ў яго ўласным жыцці: “прыняць на сябе бацькоўства, здольнае абараняць, ахоўваць, перадаваць матэрыяльную і духоўную спадчыну”.

“Не бойся прыняць Марыю, жонку тваю, бо зачатае ў Ёй ёсць ад Духа Святога. Яна ж народзіць Сына, а ты дасі Яму імя Езус, бо Ён збавіць народ свой ад грахоў ягоных” – гэта аб’яўленне, перад якім Юзаф не прасіў дадатковых доказаў, давяраючы Богу і прымаючы Божую мару адносна сябе і сваёй сужонкі. Такім чынам, ён “уваходзіць у ласку тых, хто ведае, як жыць паводле Божага абяцання з верай, надзеяй і любоўю”, - дадаў Папа.

Аддаваў перавагу не словам, а ўчынкам

Францішак звярнуў увагу таксама на маўчанне Юзафа. Замест кідання “слоў на вецер” ён аддаваў перавагу “канкрэтным учынкам”, што з’яўляецца прыкметай прыналежнасці да так званых factores Verbi, а менавіта да тых, хто спаўняе Божае слова, ператварае яго ў справы, уцелаўляе яго ў жыццё.

“Давайце таксама і мы папросім Пана аб ласцы больш слухаць, чым казаць, бачыць Божыя мары і адказна прымаць Хрыста, які ад моманту нашага хросту жыве і ўзрастае ў нашым жыцці”, - заклікаў Святы Айцец.
 

29 студзеня 2025, 10:15

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >