Пошук

Леў XIV: праз нашу беднасць Бог робіць вялікія справы

Калі давяраем сябе Богу, калі прабываем з Ім, вялікія справы здзяйсняюцца менавіта праз нашу беднасць, - нагадаў Святы Айцец манахіням з некалькіх кангрэгацый, з якімі сустрэўся ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

22 верасня 2025 года Папа Леў XIV прыняў на аўдыенцыі законніц Ордэна Кармелітак Босых са Святой Зямлі, а таксама ўдзельніц генеральных капітулаў трох жаночых манаскіх супольнасцей: Сясцёр Святой Катарыны, Панны і Мучаніцы, Салезіянак Місіянерак Беззаганнай Марыі і Сясцёр Святога Паўла з Шартра.

Пантыфік падкрэсліў, што ля вытокаў гэтых кангрэгацый ляжыць мужнасць шматлікіх жанчын, якія не пабаяліся рызыкі і цяжкасцяў дзеля таго, каб прыняць Божыя задумы і адказаць “так” на Яго заклік. Ён заўважыў, што гэту мужнасць многія манахіні працягваюць сведчыць і сёння, ідучы за Хрыстом, часам аж да мучаніцтва.

“Мы гаворым пра надзвычайных жанчын, якія адважыліся на місіянерства ў цяжкія часы; якія схіляліся над маральнымі і матэрыяльнымі нястачамі ў найбольш занядбаных асяроддзях грамадства; якія, каб заставацца побач з людзьмі ў патрэбе, пагаджаліся рызыкаваць жыццём, а часам і гублялі яго, становячыся ахвярамі жорсткага гвалту ў ваенныя часы”, - сцвердзіў Святы Айцец.

Папа адзначыў, што мужнасць законніц умацоўваецца постам, малітвай, сакрамэнтамі, блізкасцю з Богам і Яго словам. Ён заўважыў, што значэнне духоўнага жыцця можа быць незразумелым у нашым матэрыялістычным свеце, але яно лёгка пацвярджаецца сведчаннем таго, што кангрэгацыі рабілі і працягваюць рабіць на працягу стагоддзяў.

“Бо толькі дзякуючы сіле, якая паходзіць ад Бога, усё гэта стала магчымым. Мы перажываем гэта кожны дзень: наша праца ў руках Пана, а мы – толькі недасканалыя інструменты, “нікчэмныя слугі”, як кажа Евангелле. І ўсё ж, калі давяраем сябе Яму, калі прабываем з Ім, вялікія справы здзяйсняюцца менавіта праз нашу беднасць”, - сказаў Пантыфік.

Леў XIV нагадаў манахіням словы святых Аўгустына і Яна Паўла ІІ пра неабходнасць прабывання з Богам у малітве для кансэкраваных асобаў, каб, асветленыя Ім, яны маглі шчыра служыць дабру людзей і Касцёла. Ён падкрэсліў, што менавіта так жылі заснавальніцы і заснавальнікі іх супольнасцей.

“Дарагія, гэта тая спадчына, якую вы атрымалі, і якая робіць вельмі значным ваша сённяшняе прабыванне ў гэтым свеце. У нашыя дні таксама патрэбныя велікадушныя жанчыны. У гэтым кантэксце дазвольце звярнуцца з асаблівым прывітаннем да сясцёр Кармелітак Босых са Святой Зямлі, прысутных тут: у месцах, якія, на жаль, раздзіраюцца нянавісцю і гвалтам, важным з’яўляецца тое, што вы робіце сваёй уважлівай і маўклівай прысутнасцю, сваім сведчаннем даверлівага аддання Богу, сваёй няспыннай малітвай за мір. Усе мы суправаджаем вас малітвай і праз вас становімся блізкімі да тых, хто пакутуе”, - падкрэсліў Папа.
 

22 верасня 2025, 12:19