Пошук

Папа: многія краіны і народы маюць голад і прагу справядлівасці

Папа заклікаў паставіць справядлівасць у аснову грамадскага жыцця дзеля развіцця агульнага дабра і абароны самых слабых у свеце, які пакутуе ад канфліктаў, гвалту і няроўнасці.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

20 верасня 2025 года Леў XIV сустрэўся на Плошчы Святога Пятра ў Ватыкане з удзельнікамі Юбілею работнікаў сферы правасуддзя, якія прыбылі ў Рым з розных частак свету з нагоды Святога года.

Пантыфік заклікаў звярнуцца да “евангельскай справядлівасці, якая не аддаляе ад чалавечай, але ставіць перад ёй пытанні і ператварае яе”, “заахвочваючы ісці далей, бо падштурхоўвае да пошуку прымірэння”.

“На самой справе зло павінна быць не толькі пакарана, але і выпраўлена, і для гэтага неабходны глыбокі погляд на дабро асобных людзей і агульнае дабро. Гэта цяжкая, але не немагчымая задача для тых, хто, усведамляючы, што выконвае больш адказнае служэнне, чым іншыя, абавязваецца весці бездакорнае жыццё”, - дадаў ён.

Святы Айцец зазначыў, што “справядлівасць становіцца канкрэтнай, калі яна накіравана на іншых, калі кожнаму аддаецца тое, што яму належыць, калі дасягаецца роўнасць у годнасці і магчымасцях паміж людзьмі”. У сувязі з гэтым Папа заклікаў сваіх гасцей спрыяць фактычнай, а не фармальнай роўнасці ўсіх перад законам.

Па словах Льва XIV, сапраўдная роўнасць – гэта “магчымасць рэалізаваць свае памкненні і правы, гарантаваныя сістэмай супольных каштоўнасцяў, што натхняюць нормы і законы, на якіх павінна грунтавацца праца дзяржаўных інстытутаў”. Ён адзначыў, што сёння работнікі сферы правасуддзя пакліканы “шукаць або аднаўляць забытыя каштоўнасці ў грамадстве, клапаціцца пра іх і паважаць іх”.

“Гэта карысны і неабходны працэс, улічваючы ўзнікненне паводзін і стратэгій, якія дэманструюць пагарду да чалавечага жыцця ад самага яго першага праяўлення, адмаўляюць асноўныя правы на асабістае існаванне і не паважаюць сумленне, з якога вынікаюць свабоды”, - падкрэсліў Святы Айцец, адзначаючы, што менавіта дзякуючы каштоўнасцям, якія складаюць аснову грамадскага жыцця, справядлівасць выконвае сваю цэнтральную ролю ў міжасабовых адносінах і чалавечых грамадствах.

Па словах Папы, “мець голад і прагу справядлівасці значыць усведамляць, што патрабуюцца асабістыя намаганні для інтэрпрэтацыі закона найбольш гуманным чынам”, выходзячы за межы фармальнага вымярэння.

“Юбілей таксама заклікае нас паразважаць над аспектам справядлівасці, якому часта надаецца недастаткова ўвагі: а менавіта над рэальнасцю многіх краін і народаў, якія “маюць голад і прагу справядлівасці”, бо іх умовы жыцця настолькі несправядлівыя і бесчалавечныя, што яны непрымальныя”, - сцвердзіў Папа, адзначаючы актуальнасць для міжнароднай сітуацыі непрамінальных слоў святога Аўгустына: “Дзяржава, дзе няма справядлівасці, не з’яўляецца дзяржавай”.

“Няхай цяжкія словы святога Аўгустына натхняюць кожнага з нас заўсёды найлепшым чынам ажыццяўляць справядлівасць на карысць народа, з позіркам, скіраваным да Бога, каб цалкам паважаць справядлівасць, закон і годнасць асобы”, - заахвоціў Святы Айцец.
 

20 верасня 2025, 13:10