Папа да рэлігійных лідараў: выступаць у адзін голас за мір і годнасць
Марыя Валодзіна - Vatican News
Леў XIV выказаў удзячнасць Прэзідэнту Казахстана Касым-Жамарту Такаеву за ініцыятыву правядзення сустрэчы. Ён падкрэсліў, што форум сабраў рэлігійных лідараў з усяго свету, каб шукаць шляхі міру ў час насілля і падзелаў. Тэма мерапрыемства "Дыялог рэлігій – сінэргія для будучыні" асабліва актуальная, паколькі падкрэслівае жыццёва важную ролю міжрэлігійнага дыялогу ў эпоху, адзначаную гвалтам і канфліктамі.
Дэвіз разумеецца як гарманічнае супрацоўніцтва паміж асобнымі людзьмі і з Богам, якое адлюстроўвае глыбокі парадак рэчаў і адпавядае самой сутнасці нашага сумеснага існавання як членаў адзінай чалавечай сям'і. Салідарнасць з’яўляецца практычным выяўленнем гэтай сінэргіі, калі мы адчуваем адказнасць адзін за аднаго.
Папа прывёў у прыклад гістарычныя падзеі, якія ўжо прынеслі свой плён. Сустрэча рэлігійных лідараў у Асізі ў 1986 годзе і дакумент аб чалавечым братэрстве, падпісаны ў Абу-Дабі ў 2019 годзе, дэманструюць, што рэлігіі могуць спрыяць міру і суіснаванню. У 2022 годзе гэты кангрэс асудзіў гвалт і экстрэмізм і заклікаў дапамагаць бежанцам. Гэтыя абавязацельствы знаходзяць адлюстраванне ў канкрэтных дзеяннях: падчас стыхійных бедстваў, крайняй галечы і голаду, рэлігійныя супольнасці аб'ядноўваюцца, каб несці дапамогу і надзею тым, хто мае найбольшую патрэбу.
Будучыня міру, братэрства і салідарнасці патрабуе сумеснай працы ўсіх рэлігійных лідараў. Калі яны аб'ядноўваюцца ў абарону найбольш уразлівых, саджаюць дрэвы, выступаюць у адзін голас у падтрымку чалавечай годнасці, яны сведчаць аб тым, што вера аб'ядноўвае, а не падзяляе. “Такім чынам, сінэргія становіцца магутным знакам надзеі для ўсяго чалавецтва, паказваючы, што рэлігія, па сваёй сутнасці, з'яўляецца не крыніцай канфліктаў, а крыніцай вылячэння і прымірэння”.
Святы Айцец выказаў упэўненасць у тым, што праца кангрэса натхніць удзельнікаў на нястомнае служэнне гармоніі і міру. “Няхай Усявышні благаславіць нашы намаганні і прынясе багаты плён усяму чалавецтву”, - завяршыў сваё пасланне Леў XIV.
