Пошук

Агульная аўдыенцыя з Папам: ніводная ноч не цягнецца вечна

Мы часта думаем, што Пан прыходзіць толькі ў хвіліны малітвы ці духоўнага ўздыму, але Уваскрослы набліжаецца да нас у моманты цяжкасцей і няўдач, каб там запаліць надзею, - запэўніў Папа падчас агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 8 кастрычніка 2025 года ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Леў XIV прысвяціў сваю катэхезу пакоры Уваскрослага Хрыста. Ён заўважыў, што пасля ўваскрасення Езус не рабіў нічога ўражлівага, каб прымусіць вучняў паверыць у Яго: не аб’яўляўся ў акружэнні легіёнаў анёлаў, не здзяйсняў гучных учынкаў, не прамаўляў урачыстых прамоваў, каб адкрыць таямніцы сусвету, а набліжаўся непрыкметна – як звычайны падарожнік, як чалавек галодны, які прасіў падзяліцца кавалкам хлеба.

Менавіта па гэтай прычыне Марыя Магдалена прыняла Хрыста за садоўніка, вучні з Эмауса – за чужынца, а Пётр і іншыя рыбакі палічылі Яго выпадковым мінаком. “Мы, магчыма, чакалі б “спецэфектаў”, знакаў магутнасці, бясспрэчных доказаў. Але Пан не шукае гэтага: Ён аддае перавагу мове блізкасці, звычайнасці, раздзялення супольнага пасілку”, - патлумачыў Пантыфік.

“Браты і сёстры, у гэтым ёсць каштоўнае пасланне: Уваскрасенне – не відовішчны паварот, а ціхае ператварэнне, якое напаўняе сэнсам кожны чалавечы ўчынак. Уваскрослы Езус спажывае перад вучнямі рыбу: гэта не дробязь, а пацвярджэнне таго, што наша цела, наша гісторыя, нашы адносіны – не непатрэбная абалонка. Яны прызначаныя для паўнаты жыцця. Уваскрэснуць – не значыць стаць духам без цела, а ўвайсці ў яшчэ больш глыбокае адзінства з Богам і братамі, у чалавечнасць, перамененую любоўю”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Папа звярнуў увагу на перашкоду, якая часта не дазваляе нам распазнаць прысутнасць Хрыста ў штодзённасці: гэта перакананне, што радасць павінна быць без пакут. “Вучні з Эмауса ішлі засмучаныя, бо чакалі іншага канца, Месію без крыжа. Нягледзячы на тое, што яны чулі пра пустую магілу, яны не маглі ўсміхацца. Але Езус ішоў побач і цярпліва тлумачыў, што пакуты – не адмена абяцання, а шлях, якім Бог паказаў веліч Сваёй любові”, - сцвердзіў Пантыфік.

“Браты і сёстры, Уваскрасенне Хрыста вучыць нас, што няма гісторыі настолькі прасякнутай расчараваннем ці грахом, каб у яе не магла ўвайсці надзея. Няма падзення, якое было б канчатковым; няма ночы, якая была б вечнай; няма раны, што павінна застацца адкрытай назаўсёды”, - запэўніў ён.

“Часта мы думаем, што Пан прыходзіць толькі ў хвіліны малітвы ці духоўнага ўздыму, калі мы сябе адчуваем годнымі, калі жыццё здаецца ўпарадкаваным і светлым. Аднак Уваскрослы становіцца блізкім менавіта ў самыя цёмныя моманты: у нашых няўдачах, у падрапаных адносінах, у штодзённых цяжкасцях, што нас прыгнятаюць, у сумневах, якія нас знеахвочваюць. Нішто з таго, чым мы жывём, ніводзін фрагмент нашага існавання Яму не чужы”, - дадаў Пантыфік.

Леў XIV падкрэсліў, што “сёння Уваскрослы Пан ідзе поруч з кожным з нас – па дарогах працы і служэння, але таксама па сцежках пакут і адзіноты – і з бязмежнай пяшчотай просіць дазволіць Яму распаліць наша сэрца”. “Ён не навязваецца гучна, не патрабуе, каб Яго адразу пазналі. Ён цярпліва чакае моманту, калі нашы вочы адкрыюцца і ўбачаць Яго сяброўскі твар, здольны ператварыць расчараванне ў надзею, смутак – ва ўдзячнасць, а роспач – у давер”, - сказаў Папа.

Па словах Святога Айца, “Уваскрослы хоча толькі аднаго – аб’явіць сваю прысутнасць, стаць нашым спадарожнікам і запаліць у нас упэўненасць у тым, што Яго жыццё мацнейшае за ўсякую смерць”. “Папросім жа аб ласцы, каб мы распазнавалі Яго пакорную і сціплую прысутнасць, не патрабавалі жыцця без выпрабаванняў і адкрылі, што кожны боль, калі ён прасякнуты любоўю, можа стаць месцам паяднання”, - заклікаў Пантыфік, нагадваючы вернікам, што “Пан жыве, Ён ідзе побач з намі і ў кожны момант дорыць магчымасць пачаць усё нанова”.
 

08 кастрычніка 2025, 10:30

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >