Агульная аўдыенцыя: Уваскрасенне – не рэванш, а моц прабачэння
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Цэнтрам веры і сэрцам надзеі з’яўляецца ўваскрасенне Хрыста, якое, аднак, адбылося не як дэманстрацыя сілы, а як лагоднае сведчанне любові, здольнай падняцца пасля паразы. Святы Айцец звярнуў увагу на тое, што рэакцыяй чалавека на здраду часта бывае гнеў і прага адплаты. Уваскрослы ж Пан не шукае рэваншу. Ён з’яўляецца сваім сябрам-вучням з далікатнасцю, жадаючы толькі аднаго – аднавіць з імі еднасць і дапамагчы пераадолець пачуццё віны.
Уваскрослы Хрыстус не хавае сваіх ран, а паказвае іх як доказ таго, што Яго любоў мацнейшая за любую нявернасць
Папа засяродзіўся на сцэне ў Вячэрніку, дзе Езус прыходзіць да вучняў, зачыненых у страху. Ён прыносіць ім дар супакою і паказвае знакі сваёй мукі. Навошта Ён гэта робіць перад тымі, хто Яго пакінуў?
“Раны служаць не для папроку, а для пацвярджэння любові, мацнейшай за ўсякую нявернасць. Яны з’яўляюцца доказам таго, што менавіта ў момант нашага падзення Бог не адступіўся”, - патлумачыў Пантыфік. Гэта любоў, якая не прыніжае, а дае супакой таму, хто цярпеў з яе прычыны. У адрозненне ад Езуса, мы часта хаваем свае раны з гонару ці страху, але Ён прапануе іх як гарантыю прабачэння.
Місія Касцёла заключаецца не ў адміністраванні ўлады, а ў абвяшчэнні радасці ад незаслужанай любові
Паўтараючы словы “Супакой вам!”, Езус дадае: “Як Айцец паслаў Мяне, так і Я пасылаю вас”. Гэтымі словамі, як зазначыў Папа, Хрыстус ускладае на апосталаў не ўладу, а адказнасць – быць у свеце прыладамі прымірэння.
Ён тхнуў на іх і даў ім Духа Святога, таго самага, які падтрымліваў Яго ў паслухмянасці Айцу аж да крыжа. Менавіта гэты Дух дае сілу сведчыць, што “Бог прабачае, падымае, вяртае давер”.
На заканчэнне катэхезы Леў XIV падкрэсліў, што кожны з хрысціян з’яўляецца сведкам. “І нам Пан паказвае свае раны і кажа: ‘Супакой вам’. Не бойцеся паказваць вашыя раны, аздароўленыя міласэрнасцю. Не бойцеся набліжацца да тых, хто замкнёны ў страху ці пачуцці віны. Няхай подых Духа зробіць і нас сведкамі гэтага супакою і гэтай любові, мацнейшай за любую паразу”, - заклікаў вернікаў Святы Айцец.
