Пошук

Леў XIV падчас "Анёл Панскі" Леў XIV падчас "Анёл Панскі"  (@VATICAN MEDIA)

Анёл Панскі: збаўленне – у праўдзе пра сябе, а не ў заслугах

Перад малітвай “Анёл Панскі” Леў XIV заклікаў не баяцца прызнаваць свае памылкі і давяраць іх Божай міласэрнасці, беручы прыклад з пакоры евангельскага мытніка.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У сваім разважанні перад нядзельнай малітвай 26 кастрычніка 2025 года Папа звярнуўся да евангельскай прыпавесці пра фарысея і мытніка, якія маліліся ў святыні. Пантыфік патлумачыў, што гэтыя дзве постаці паказваюць розныя шляхі да Бога.

Збаўляе не дэманстрацыя заслуг, а шчырасць перад Богам

Першы персанаж, фарысей, пералічвае свае шматлікія добрыя ўчынкі і таму лічыць сябе лепшым за іншых, якіх з пагардай асуджае. Яго стаўленне, паводле Папы, ганарлівае, а захаванне Закону, хоць і дакладнае, але пазбаўленае любові і міласэрнасці. Гэта адносіны, пабудаваныя на прынцыпе "даваць" і "мець", на даўгах і крэдытах.

Мытнік, наадварот, моліцца зусім інакш. Ён – зборшчык падаткаў на службе Рымскай імперыі, які спекуляваў за кошт сваіх суайчыннікаў. Тым не менш, Езус кажа, што менавіта ён вярнуўся дадому "апраўданым", гэта значыць, прабачаным Богам. Чаму? Таму што ён меў мужнасць і пакору, каб стаць перад Богам такім, які ён ёсць. Ён не замкнуўся ў сабе і не змірыўся са злом, якое ўчыніў, а прыйшоў у святыню адзін, прызнаючы сваю грэшнасць: "Божа, будзь міласцівы да мяне, грэшніка".

Хто не саромеецца паказаць раны, той вылечваецца

Пантыфік падкрэсліў, што Езус дае нам магутнае пасланне: чалавека ратуе не выстаўленне напаказ сваіх заслуг і не ўтойванне памылак, а шчырае прадстаўленне сябе перад Богам, самім сабой і іншымі з просьбай аб прабачэнні.

Леў XIV прывёў словы святога Аўгустына, які параўнаў фарысея з хворым, што са сораму і гонару хавае свае раны ад урача, а мытніка – з тым, хто з пакорай паказвае іх, каб атрымаць дапамогу. Аўгустын робіць выснову: "Нас не здзіўляе (...), што той мытнік, які не саромеўся паказаць сваю хворую частку, вярнуўся (...) аздароўленым" (“Sermo” 351, 1).

"Дарагія браты і сёстры, будзем рабіць так і мы", - заклікаў Святы Айцец. Ён заахвоціў не баяцца прызнаваць свае памылкі, браць за іх адказнасць і давяраць іх Божай міласэрнасці. Менавіта так, паводле яго, у нас і вакол нас можа расці Божае Валадарства, якое належыць не ганарлівым, а пакорным, і якое ўзрастае праз сумленнасць, прабачэнне і ўдзячнасць.

У завяршэнні Папа заклікаў вернікаў прасіць заступніцтва ў Багародзіцы, узору святасці.
 

26 кастрычніка 2025, 12:07

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >