Леў XIV і Карл ІІІ маліліся разам у Сікстынскай капэле
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Візіт брытанскіх манархаў стаў па-сапраўднаму гістарычнай падзеяй, бо ўпершыню пасля падзелу, які адбыўся каля 500 гадоў таму, кіраўнік Каталіцкага Касцёла і кіраўнік Англіканскай Царквы, якім афіцыйна з’яўляецца кароль Вялікабрытаніі, маліліся разам.
Гістарычнай экуменічнай малітве папярэднічала прыватная аўдыенцыя караля Карла ІІІ і каралевы Камілы ў Папы. Затым манарх правёў перамовы з кардыналам-дзяржсакратаром П’етра Паралінам, у той час як каралева наведала Паўлінскую капэлу Апостальскага палаца.
Святы Айцец узначаліў малітву, якая праходзіла ў інтэнцыі аховы стварэння, разам з архіепіскапам Ёрскім Стывенам Котрэлам – другой пасля архіепіскапа Кентэрберыйскага асобай у духоўнай іерархіі Англіканскай Царквы. Прызначаная нядаўна прымасам Сара Малалі не ўдзельнічала ў сустрэчы, бо ўступіць на пасаду толькі ў сакавіку 2026 года.
Падчас малітвы прагучаў гімн святога Амброзія ў англійскім перакладзе, які зрабіў святы Джон Генры Ньюман – былы англіканін і адзін з выбітных каталіцкіх тэолагаў. Кароль Карл ІІІ прысутнічаў на яго кананізацыі і запэўніў, што на цырымоніі абвяшчэння Ньюмана Доктарам Касцёла, якая адбудзецца ў Ватыкане 1 лістапада, Англіканская Царква будзе прадстаўлена на самым высокім узроўні.
Пасля малітвы ў Сікстынскай капэле Леў XIV і Карл ІІІ адправіліся на сустрэчу з прадстаўнікамі арганізацый, якія займаюцца экалагічнымі ініцыятывамі: рэлігійнымі лідарамі, эколагамі, прадстаўнікамі бізнесу, экспертамі ААН, дзеячамі руху “Laudato Si’”, названага ў гонар аднайменнай энцыклікі Папы Францішка, якая выйшла дзесяць гадоў таму і прысвечана клопату пра навакольнае асяроддзе.
У другой палове дня каралеўская пара наведае базіліку святога Паўла за мурамі, дзе адбудзецца экуменічная цырымонія надання Карлу ІІІ ганаровага звання Каралеўскага субрата святога Паўла (Royal Confrater of Saint Paul).
