Пошук

Леў XIV: адукацыя – магутная сіла для змены свету

Пра патрэбу вучыць духоўнаму жыццю, адказнаму карыстанню тэхналогіямі і спрыянню міру, казаў Леў XIV 30 кастрычніка 2025 года падчас сустрэчы ў Зале Паўла VI з маладымі ўдзельнікамі Юбілею свету адукацыі.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Святы Айцец прызнаўся, што з нецярпеннем чакаў сустрэчы са студэнтамі і школьнікамі. “Ваша кампанія нагадвае мне гады, калі я выкладаў матэматыку моладзі – такой жа жвавай, як і вы”, - сказаў ён.

Не задавальняйцеся вонкавым бляскам і імкніцеся ўгару

На пачатку прамовы Леў XIV заклікаў юнакоў і дзяўчат не баяцца жыць поўным жыццём, нагадаўшы ім пра прыклад святога П’ера Джорджыа Фрасаці, італьянскага юнака, кананізаванага на пачатку верасня, які заўсёды казаў, што толькі вера дазваляе жыць напоўніцу і імкнуцца да высокіх мэт.

“Не дазвольце вонкаваму бляску або мімалётным тэндэнцыям падмануць сябе: жыццё, пабудаванае на павярхоўных уражаннях, ніколі не прынясе сапраўднага задавальнення. Няхай кожны шэпча ў сваім сэрцы: “Пане, я мару пра большае, я прагну большага: натхні мяне!’”, - параіў Папа.

Пантыфік заклікаў моладзь пастаянна імкнуцца “ўгару”, запальваючы маяк надзеі ў цёмныя часы гісторыі. “Як было б цудоўна, калі б ваша пакаленне аднойчы назвалі “плюс-пакаленнем” – пакаленнем, якое пакінула след дзякуючы дадатковаму імпульсу, які вы можаце даць Касцёлу і свету”, - пажадаў ён.

Быць ззяючымі сведкамі для блізкіх

Пантыфік падкрэсліў, што адукацыя – адзін з найпрыгажэйшых і наймагутнейшых інструментаў для змены свету. Ён заклікаў моладзь разам з дарослымі прымаць удзел у Глабальным адукацыйным саюзе і заахвочваць сваіх аднагодак шукаць праўду, будаваць мір, выяўляючы гэтыя імкненні “сваім жыццём, словамі і штодзённымі жэстамі”.

“Як былы выкладчык матэматыкі і фізікі” Папа падзяліўся з моладдзю “некаторымі разлікамі”. Ён нагадаў, што ў Сусвеце налічваецца секстыльён зорак, але няўзброеным вокам у ясную ноч мы можам убачыць толькі каля пяці тысяч.

“Нават калі зорак мільярды мільярдаў, мы бачым толькі найбліжэйшыя сузор’і. Але менавіта яны паказваюць нам кірунак, як калі плывеш па моры”, - сказаў Святы Айцец, дадаючы, што для моладзі такімі зоркамі з’яўляюцца бацькі, выкладчыкі, святары, сябры, якія дапамагаюць не згубіцца ў радасных і смутных падзеях жыцця. “Як яны, і вы таксама пакліканы стаць ззяючымі сведкамі для тых, хто побач”, - падкрэсліў Пантыфік.

Леў XIV параўнаў адукацыю з тэлескопам, які дазваляе глядзець далёка. “Не абмяжоўвайцеся смартфонам і яго хуткаплыннымі фрагментамі выяваў: глядзіце ў неба, угару!”, - заклікаў ён.

Вучыць моладзь духоўнаму жыццю

Святы Айцец выказаў перакананасць, што моладзь мае сапраўдны інтарэс да духоўнасці, бо менавіта ад яе паходзіла просьба ўключыць у мэты Глабальнага адукацыйнага саюза навучанне духоўнаму жыццю.

“Я быў уражаны гэтай просьбай”, - прызнаўся Папа, падкрэсліваючы, што чалавеку не дастаткова толькі навукі, калі ён не ведае, кім з’яўляецца і які сэнс яго жыцця. Па словах Льва XIV, духоўная пустата – адна з галоўных прычын сацыяльных няшчасцяў, якія датыкаюць моладзь: гвалту, булінгу, прыгнёту, самаізаляцыі і закрытасці многіх маладых людзей.

Папа спаслаўся на прыклад святога Аўгусціна, які зразумеў, што праўду і супакой можна знайсці толькі ў Богу. Ён заклікаў вучыць моладзь слухаць глыбокія жаданні сэрца і не запаўняць яго тым, што не прыносіць сапраўднага задавальнення.

Не дазвольце тэхналогіям вас выкарыстоўваць!

Гаворачы пра другую новую мэту Глабальнага адукацыйнага саюза – навучаць правільнаму карыстанню лічбавымі тэхналогіямі, Пантыфік падкрэсліў, што самі па сабе яны не з’яўляюцца шкоднымі і “даюць вялікія магчымасці для вучобы і камунікацыі”.

“Не дазвольце, аднак, каб алгарытмы пісалі вашу гісторыю! Аўтарамі з’яўляецеся вы самі: карыстайцеся тэхналогіямі з мудрасцю, не дазвольце, каб яны выкарыстоўвалі вас!”, - заклікаў Леў XIV.

Святы Айцец прапанаваў “гуманізаваць лічбавую сферу”, робячы яе прасторай братэрства і творчасці, а не месцам, дзе можна замкнуцца, упасці ў залежнасць або ўцячы ад рэальнасці. “Замест таго, каб быць турыстамі ў лічбавым свеце, будзьце ў ім прарокамі!”, - заахвоціў Папа, ставячы ў прыклад святога Карла Акуціса, які выкарыстоўваў інтэрнэт як прастору для евангелізацыі.

Раззброіць сэрцы і спрыяць міру

Трэцяя новая мэта Глабальнага адукацыйнага саюза – навучанне міру. Папа падкрэсліў, што будучыні свету пагражаюць войны і нянавісць, якія раздзяляюць народы, таму неабходна вучыць новае пакаленне бяззбройнаму і раззбройваючыму міру.

“Не дастаткова прымусіць змоўкнуць зброю: трэба раззброіць сэрцы, адмаўляючыся ад гвалту і вульгарнасці”, - сказаў Папа, заклікаўшы сваіх маладых гасцей быць сведкамі міру ў сям’і, школе, спорце і сярод сяброў, выходзячы насустрэч людзям іншых культур.

“Дарагія, няхай ваш позірк не будзе скіраваны да зорак, што падаюць, якім давяраюць крохкія жаданні. Глядзіце вышэй – на Езуса Хрыста, “сонца справядлівасці”, які заўсёды будзе весці вас сцежкамі жыцця”, - заахвоціў маладых людзей Пантыфік.
 

30 кастрычніка 2025, 12:21