Леў XIV – педагогам: навучанне нельга аддзяліць ад любові
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Пантыфік спаслаўся на ўласны выкладчыцкі досвед у навучальных установах Ордэна святога Аўгусціна, нагадаўшы сваім гасцям пра чатыры аспекты вучэння Біскупа Гіпона, якія, на яго думку, маюць фундаментальнае значэнне для сферы каталіцкай адукацыі: духоўнасць, адзінства, любоў і радасць.
Папа заўважыў, што сапраўднае навучанне нельга абмяжоўваць прыгожымі словамі, добрымі класамі, лабараторыямі і бібліятэкамі, бо сапраўдны “Настаўнік” знаходзіцца ўнутры чалавека. У сучасным свеце экранаў і тэхналагічных фільтраў, якія часта павярхоўныя, навучэнцам бывае складана ўвайсці ў кантакт з уласным духоўным светам, і таму ім трэба дапамагчы, падкрэсліў Святы Айцец.
Ён дадаў, што гэтая рызыка можа пагражаць і самім выкладчыкам, часта стомленым і перагружаным бюракратычнымі абавязкамі. У сувязі з гэтым Пантыфік пажадаў, каб педагогі і вучні дапамагалі адзін аднаму слухаць сэрца і пазнаваць праўду.
Леў XIV нагадаў, што сапраўднае адзінства можна знайсці ў Хрысце, дзе людзі злучаюцца як члены аднаго цела і спадарожнікі на пастаянным шляху навучання жыццю. Ён заклікаў аб’яднаць намаганні ў адукацыйнай сферы і разумець дзяленне ведамі як вялікі ўчынак любові.
“Дзяліцца ведамі недастаткова для таго, каб вучыць: патрэбна любоў”, - сцвердзіў Папа, падкрэсліўшы, што толькі навучанне з любоўю будзе сапраўды карысным для тых, хто атрымлівае веды. “Настаўніцтва ніколі нельга аддзяляць ад любові”, - дадаў ён.
Святы Айцец звярнуў увагу таксама на адну з вострых праблем сучасных грамадстваў – няздольнасць належным чынам ацаніць вялікі ўклад настаўнікаў і выхавальнікаў у жыццё супольнасці. Ён заўважыў, што прычыняючы шкоду сацыяльнай і культурнай ролі педагогаў, падрываецца будучыня грамадства, бо “крызіс перадачы ведаў цягне за сабой крызіс надзеі”.
Пантыфік заклікаў сваіх гасцей вучыць з усмешкай і абуджаць усмешку ў душах сваіх вучняў. “Сёння ў нашых адукацыйных кантэкстах выклікае трывогу рост сімптомаў шырока распаўсюджанай унутранай уразлівасці людзей усіх узростаў. Мы не можам закрываць вочы на гэтыя ціхія заклікі аб дапамозе; наадварот, мы павінны старацца выявіць іх глыбокія прычыны. Штучны інтэлект, асабліва са сваімі тэхнічнымі, халоднымі і стандартызаванымі ведамі, можа яшчэ больш ізаляваць ужо ізаляваных вучняў, даючы ім ілюзію, што яны не маюць патрэбы ў іншых, або, што яшчэ горш, адчуванне, што яны не годныя іншых”, - сказаў Папа, выказваючы пажаданне, каб чалавечая радасць навучальнага працэсу была як “полымя, якое злучае душы і многія робіць адной”.
